Фармуецца штаб у падтрымку Міколы Статкевіча
Пачалося фармаванне штаба Руха Салідарнасці “Разам” у падтрымку Мікалая Статкевіча. Сваю згоду ачоліць штаб даў вядомы грамадскі дзеяч, былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Першым намеснікам старшыні гэтай структуры будзе вядомы прадпрымальніцкі лідар, намеснік старшыні Руха Салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў. Таксама намеснікі старшыні – Яўген Батура і Сяргей Ханжанкоў. Пасаду сакратара заняла Надзея Батура. У бліжэйшыя дні адбудзецца дафармаванне штаба і прызначэнне каардынатараў па рэгіёнах. У кораткатэрміновай перспектыве да ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча (якую мусіць фармаваць БСДП (Народная Грамада)), мае далучыцца не менш 200 сябраў і прыхільнікаў Руха Салідарнасці “Разам”.
Падчас далейшых дзеянняў штаб засяродзіцца ў працы па праграмных мэтах Руха – у барацьбе з этнацыдам, у падтрымцы прадпрымальнікаў і вызваленні палітвязняў. Таксама будзе праводзіць каардынацыю акцый ва Ўкраіне, дзе найбольш значныя мерапрыемствы запланаваныя на 7-9 верасня ва Львове і ў Кіеве.
Рух Салідарнасці “Разам” спадзяецца, што тэрміновыя дзеянні па мабілізацыі сваіх сябраў і прыхільнікаў зробяць і іншыя беларускія дэмакратычныя арганізацыі, а ў першую чаргу – Малады Фронт, Беларуская Партыя Свабоды і Прагрэсу, якія разам з Рухам Салідарнасці “Разам” і БСДП (Народная Грамада) уваходзяць у Еўрапейскую кааліцыю, лідарам якой з’яўляецца Мікалай Статкевіч.
У кароткім каментары прэс-службе лідар Руха Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык падкрэсліў: “Мы правялі разам не адну кампанію ў межах Еўрапейскай кааліцыі, у той час, калі Мікалай Статкевіч быў на волі. На тых самых прынцыпах мы будуем і гэтую кампанію, калі ён знаходзіцца ў турме.
Для нас вельмі вялікі гонар, што кампанію нашага Руха ў Беларусі ачоліць Мікалай Аўтуховіч, чалавек, мужнасць якога вядома мільёнам беларусаў. На жаль, не адбылося кансалідацыі ўсёй апазіцыі праз вылучэнне Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам, таму трэба цяпер узмацніць нашыя высілкі, каб тую народную падтрымку, якую мае Мікалай Статкевіч за кошт сваёй мужнасці, патрыятызму і паслядоўнасці, выявіць у вылучэнні яго як кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі. Гэтай пасады Мікалай Статкевіч, у адрозненні ад іншых, варты.”
У той атмасферы безнадзейнасці і бязвер’я, якая цяпер навязваецца беларускаму грамадству, толькі вылучэнне Мікалая Статкевіча ў якасці альтэрнатывы Аляксандра Лукашэнкі можа аб’яднаць беларусаў да барацьбы за ўласны лёс. Гэтая барацьба, на думку Вячаслава Сіўчыка, мусіць ісці пад лозунгам “Бог. Айчына. Гонар”.
Прэс-служба Руха Салідарнасці “Разам”