Прадстаўлены новыя доказы невінаватасці Надзеі Саўчанкі
У абароны ўкраінскай лётчыцы, дэпутата Вярхоўнай Рады Надзеі Саўчанкі маецца відэазапіс, які пацвярджае, што яна не мае дачынення да гібелі супрацоўнікаў ВГТРК, паведамляе grani.ru. Пра гэта адвакат Марк Фейгін расказаў у эфіры ўкраінскага тэлеканала „Навіны 24”.
На відэа, знятым падчас бою ў пасёлку Металіст Луганскай вобласці, захаваны момант захопу Саўчанкі баевікамі. Па дадзеных экспертызы запісу, гэта адбылося каля 10 гадзін раніцы 19 чэрвеня, адзначае Фейгін. Супрацоўнікі ВГТРК загінулі на дзве гадзіны пазней.
Абарона Саўчанкі падала хадайніцтва аб далучэнні відэазапісу да матэрыялаў справы і правядзенні двух экспертыз – для ідэнтыфікацыі голаса Саўчанкі і вызначэння часу здымкі. Аўтар відэа таксама вядомы. Гэта грамадзянін Расеі Ягор Рускі. Адвакаты Саўчанкі хадайнічаюць аб яго допыце.
Між тым маці Саўчанкі паведаміла ў эфіры 112.Ua, што атрымала адказ канцлера Германіі Ангелы Меркель на свой зварот. Акрамя таго, Марыя Саўчанка звярнулася да расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна з просьбай аб вызваленні дачкі.
Фота mignews.com.ua