Фелікс Шкірманкоў: Лукашэнка – геніяльны злачынец!
22 снежня пачынае працу абраная на ўчарашнім Кангрэсе за незалежнасць рада з 17 чалавек. Першае, што будзе разглядацца – пісьмовыя прапановы дэлегатаў па вызначаных пагрозах незалежнасці Беларусі. Фелікс Шкірманкоў – ганаровы госць, што знаходзіўся ў прэзідыуме Кангрэса. Першы дэмакратычна абраны мэр Слаўгарада, вядомы паэт, ветэран Другой сусветнай вайны.
Фелікс Шкірманкоў: Кангрэс – вельмі слушнае, патрэбнае мерапрыемства. Бо тое, што зараз робяць з замбаваным насельніцтвам расейскія тэлеканалы – злачынства супраць чалавецтва! Бо заява Пуціна, прэзідэнта магутнай ядзернай дзяржавы, што “межы Расеі там, дзе гучыць руская мова” – для мяне робяць немагчымым падаць такому чалавеку руку. Але, як ні парадаксальна прагучыць, незалежнасць Беларусі зараз гарантуе нам наш прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Ён – геніяльны злачынец. Чаму так кажу? Узяць уладу могуць шмат хто. А вось утрымаць дзесяцігоддзямі, падпарадкаваць яе сваім мэтам – адзінкі. Паводле вызначэння Фрэйда, Аляксандр Рыгоравіч – трохкутны чалавек. Успрымае сабе на вяршыні трохкутніка – вышэй за яго нікога і ніколі няма! Памятаеце вядомую показку пра “Хрыстос уваскрос!”, ды адказ “Спасіба!” Той, хто супярэчыць волі “першага” – крэўны вораг. Каго ўбівае, каго за краты саджае. Таму зрабіў невыканальнымі палажэнні нават уласнай Канстытуцыі – прынамсі, пра свабоду слова. Тым не менш, пагрозу Расеі дзеля самога існавання Беларусі не дае магчымасці выканаць усё той жа Лукашэнка! Чаму? Бо ён ведае, што калі не будзе самастойнай Беларусі, яго не будзе, як прэзідэнта. Я разумею, што ён шкадуе пра страчаную з-за Нямцова ды Чубайса магчымасць уехаць на белым кані з Ельцынам у Крэмль віцэ-прэзідэнтам БелаРасеі. Але галоўнае зараз усім свядомым – тлумачыць сітуацыю, ісці ў народ. Жыве Беларусь!
Спадар Шкірманкоў салідарны з прапановай дэлегата з Кобрына Аляксандра Меха ў ператварэнне Кангрэса ва ўсебеларускі грамадзянскі Рух за Незалежнасць.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя