Фігурантам „справы tut.by” выстаўленыя абвінавачанні



Праз 10 сутак з моманту затрымання фігуранты „справы tut.by” не выйшлі на волю. Такім чынам, ім выстаўленыя абвінавачанні і яны застануцца пад вартай.

„Адвакаты нашых калегаў знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаванні. Ім забаронена паведамляць, па якім артыкуле падабаронным выстаўленыя абвінавачанні і на які тэрмін абраная такая мера стрымання. Аднак зыходзячы з практыкі можна выказаць здагадку, што на два месяцы”, — піша tut.by у сваім тэлеграм-канале.

Раней Камітэт дзяржкантролю заявіў, што крымінальная справа распачатая ў дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў), які адносіцца да катэгорыі цяжкіх. Максімальны тэрмін утрымання абвінавачваных пад вартай да суда па гэтым артыкуле можа складаць паўтара года.

Па „справе tut.by” 18 мая было затрымана 15 чалавек. Пад вартай знаходзяцца генеральны дырэктар ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” Людміла Чэкіна, намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка, намеснік дырэктара Ірына Рыбалка, галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава, рэдактар Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова, галоўны бухгалтар Анжэла Асад, намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік, галоўны інжынер Ала Лапатка, менеджар Андрэй Аўдзееў, дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў, дырэктар Rocket Data, tam.by Дар`я Данілава. Удава заснавальніка tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская, юрыст tut.by Кацярына Ткачэнка і былы юрыст партала Ірына Касцючэнка знаходзяцца пад хатнім арыштам.

Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Tut.by выступіў з заявай з нагоды працягу ўтрымання калегаў пад вартай: „Прыняць факт, што 15 нашых калегаў, блізкіх чалавек знаходзяцца да гэтага часу ў зняволенні без аб`ектыўных ці хаця б пазначаных прычын, немагчыма. Застаецца шмат пытанняў, чаму пры разглядзе эканамічнай справы былі прыцягнутыя рэдакцыя, партнёры і нават Юлія Чарняўская. Іх зняволенне выглядае наўмысным націскам не толькі на партал, але і на hoster.by. Сярод затрыманых ёсць тыя, хто нават не з`яўляюцца супрацоўнікамі кампаніі, па сутнасці, яны сталі закладнікамі сітуацыі. Мы будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб дамагчыся вызвалення ўсіх затрыманых па „справе tut.by”.

belapan.by

Фота: t.me/tutby_official