Фінляндыя падтрымлівае новыя санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі



Сітуацыя ў Беларусі стала адной з тэм анлайн-перамоваў прэм’ер-міністраў Літвы Інгрыды Шымонітэ і Фінляндыі Санны Марын, паведамілі прэс-службы ўрадаў дзвюх краін.

«Бакі падкрэслілі важнасць падтрымкі дэмакратычных памкненняў беларускага народа», – адзначаецца ў паведамленні прэс-службы літоўскага кабінета. Кіраўнік урада Фінляндыі падзякавала Літве за яе «лідарства ў абароне дэмакратыі і падтрымцы народа Беларусі».

Падкрэслена «важнасць санкцый у дачыненні да рэжыму». Акрамя таго, адбыўся абмен думкамі аб «небяспечнай атамнай станцыі ў Астраўцы».

Як паведамлялася,  экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з новым міністрам замежных спраў Літвы Габрыэлюсам Ландсбергісам  і віцэ-міністрам Мантасам Адоменасам.

Ціханоўская падзякавала Літве за шырокую дапамогу Беларусі і выказала надзею, што новая адміністрацыя працягне працаваць у тым жа кірунку. Ландсбергіс падкрэсліў важнасць вызвалення палітычных зняволеных і падтрымаў свабодныя і справядлівыя выбары, якія павінны прайсці ў Беларусі як мага хутчэй.

Беларускае Радыё Рацыя