Фінляндыя святкуе 100-годдзе вызвалення ад Расеі
Больш за 100 тысяч чалавек сабралася 1 студзеня ў Хельсінкі, каб адзначыць юбілей незалежнасці краіны.
Гараджанаў віталі прэм’ер-міністр дзяржавы Юха Сіпіля, каля трохсот артыстаў, а ў фінале святкавання ў затоцы Цёёлёнлахці адбыўся салют, паведамляе рэсурс inforesist.org.
Святочныя мерапрыемствы будуць адбывацца не толькі ў самой Фінляндыі, але і ў іншых краінах, і нават у Расеі. Урачыстасці будуць ісці цэлы год і завяршацца 6 снежня, у дзень, калі фінскі парламент абвесціў незалежнасць у 1917 годзе ў час падзей, якія выклікала расейская рэвалюцыя.
Дэпартамент паліцыі Хельсінкі паведаміў, што ніякіх сур’ёзных праблем 1 студзеня не было і людзі атрымлівалі асалоду ад святкавання.
Нягледзячы на тое, што Расейская Савецкая Рэспубліка прызнала выхад Фінляндыі з свайго складу 31 снежня 1917 году, у расейскіх шавіністычных, у тым ліку ўрадавых, колах дагэтуль жыве рэваншысцкая ідэя, а ў фінскай прэсе з’яўляюцца публікацыі, у якіх сцвярджаецца, што Расея хоча аспрэчыць незалежнасць Фінляндыі.
Беларускае Радыё Рацыя