Форум беларускіх палітычных вязняў



Форум беларускіх палітычных вязняў розных часоў пройдзе сёння ў офісе Партыі БНФ у Менску. Яго мэта – прыцягнуць увагу да гэтай праблемы, каб людзі зразумелі, што палітычныя вязні ў Беларусі не толькі ёсць, але кожны з грамадзянаў можа ім стаць. На форуме таксама пройдзе збор сімвалічнай перадачы для палітычнага зняволенага.

Адзін з лідараў Партыі „Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя“ Павел Севярынец адзначае, што тэма палітвязняў апошнім часам зыйшла з першых старонак:

– Ёсць такое адчуванне. Больш за тое, зараз шмат якія еўрапейскія і амерыканскія лідары наўпрост размаўляюць з Лукашэнкам і ягонымі прадстаўнікамі. І міма сваёй жа тэзы пра спачатку вызваленне палітвязняў, а пасля дыялог. А разам з тым, ізноў-такі, гэта не праблема еўрапейцаў ці амерыканцаў. Ясна, што ў іх геапалітыка, у іх Украіна. Гэта праблема наша. І як рэакцыя на гэта паўстала ідэя правядзення форума, на якім мы паспрабуем паставіць пытанне рубам: чаму ў нас палітвязні дагэтуль сядзяць, а грамадства і палітыкі робяць выгляд, што праблемы ўжо не існуе.

Паводле беларускага праваабарончага цэнтра „Вясна“ цяпер у Беларусі налічваецца сем палітычных вязняў, сярод якіх экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя