Форум, Кангрэс, што далей?



Дэмакратычныя сілы, якія гуртуюцца вакол Ціханоўскай, заяўляюць пра намер правесці Кангрэс Новай Беларусі. Іншыя сілы, якія таксама называюць сябе дэмакратычнымі, толькі што правялі другі свой форум, на якім актыўна Ціханоўскую крытыкавалі. Беларускае Радыё Рацыя паспрабавала разабрацца ў нагодах для гэтых мерапрыемстваў.

Беларускае жыццё ў замежжы можна сказаць віруе. Асабліва ў Польшчы, Літве, Грузіі, куды выехала большасць палітэмігрантаў і тых, хто не захацеў далей жыць у краіне рэпрэсій. Фестывалі, выставы, канцэрты. Дзейнічаюць ужо шматлікія фонды, офісы, штабы і так далей. Цяпер прыйшла чарга да кангрэсаў. Так пра Кангрэс беларусаў заявілі ў офісе Святланы Ціханоўскай і ў Народным антыкрызісным кіраванні Паўла Латушкі. Палітыкі лічаць, што на гэты кангрэс варта вынесці наступныя пытанні:

заснаванне нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі; стварэнне органа нацыянальнай улады для забеспячэння транзіту ўлады Беларусі і дзейнасці нацыянальна-вызвольнага руху; прынцыпы стратэгічнага супрацоўніцтва і падтрымкі Украіны; еўрапейскі выбар для беларускага народа.

“Альбо мы дзейнічаем рашуча сёння, альбо заўтра не застанецца таго, за што мы змагаемся”, — казаў у прыватнасці Павел Латушка. Пакуль неафіцыйна вядома, што мае прайсці Кангрэс Новай Беларусі. Наша радыё мае інфармацыю, што многія грамадскія арганізацыі атрымалі запрашэнне ўзяць удзел у гэтым мерапрыемстве, якое запланаванае на 8-9 жніўня, і адной з мэтаў якога ставіцца “рэарганізацыя дэмакратычнага руху”, што б гэта не азначала.

Тут варта прыгадаць, што зусім нядаўна, 11-12 ліпеня, у Берліне адбыўся II Форум дэмакратычных сіл, які арганізаваў былы прэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнта Валерый Цапкала. Палітолаг Павал Усаў так ацаніў галоўны змест гэтага форуму – “спроба кансалідаваць тыя сілы, якія лічаць, што яны абдзеленыя прысутнасцю ў асяроддзі Ціханоўскай, і хочуць перахапіць парадак дня, стварыўшы нейкі новы палітычны суб’ект”. Хоць, заўважыў палітолаг, наўрад ці гэта атрымаецца. Тым ня менш на берлінскім форуме, акрамя як крытыкавалі Ціханоўскую, таксама стваралі ўрад у выгнанні і вызвольны рух. Хутка, відаць, дойдуць і да правядзення кангрэсу.

Варта звярнуць увагу на тэкст палітычнага аглядальніка Пятра Кузняцова ў яго тэлеграм-канале. „Розныя Форумы і Кангрэсы — гэта заўсёды быў любімы інструмент палітычнай апазіцыі, якую сёння прынята называць “старой”, піша Кузняцоў. А таму прыход дэмсілаў да традыцыйных метадаў старой апазіцыі, на яго думку, сведчыць пра дзве рэчы: першая – гэта адчувальны крызіс ідэй і стратэгій. Ніхто добра не разумее, што далей рабіць і як — а ў такіх умовах і з’яўляецца патрэба ў вялікіх і публічных размовах “за жыццё”. Другая: форумы і кангрэсы — добрая прымета крызісу легітымнасці. У шэрагах “старой” апазіцыі гэта заўсёды было вострай праблемай. Ніхто нікога не прызнаваў і нікога ніколі не слухаў, – піша аглядальнік.

Што ж, пэўныя паралелі сапраўды назіраюцца. Хоць хочацца верыць, што Кангрэс Новай Беларусі пойдзе іншым шляхам і не стане дзяліць партфелі ў “ценявым кабінеце”, абнаўляць паўнамоцтвы і заяўляць пра лідарскія амбіцыі. А пройдзе ў сапраўды канструктыўным і дэмакратычным ключы.

Беларускае Радыё Рацыя