Фракцыя ХДС/ХСС у бундэстагу выступіла за новыя выбары ў Беларусі



Фракцыя партыі ХДС/ХСС, якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю, у нямецкім парламенце (ад яе на пасаду канцлера балатавалася Ангела Меркель) выступіла за новыя выбары ў Беларусі.

У заяве з нагоды першай гадавіны выбараў 9 жніўня спікер фракцыі па пытаннях знешняй палітыкі Юрген Харт, у прыватнасці, адзначыў: „Праз год пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі фракцыя ХДС/ХСС у бундэстагу ўспамінае пра шматлікія ахвяры, якія на сумленні рэжыму Лукашэнкі. Той, хто страляе ў мірных дэманстрантаў, страціў сваё прызнанне як член міжнароднай супольнасці. Таму накладанне санкцый на нелегітымнага прэзідэнта Лукашэнку, шматлікіх асоб у яго асяроддзі, якія нясуць адказнасць за смерць, самавольства, катаванні і гвалт у Беларусі, — правільна”.

„Але гэтага ўсё ж недастаткова. Цяпер гаворка ідзе аб далейшых жорсткіх і мэтанакіраваных санкцыях”, — сказаў прадстаўнік фракцыі ХДС/ХСС.

У сувязі з гэтым ён закрануў тэму працаўладкавання IT-спецыялістаў, якія з’яўляюцца „асновай беларускай эканомікі”. „Для іх Еўрапейскі саюз павінен значна палегчыць выдачу віз, каб яны маглі працягнуць сваю важную працу ў краінах ЕС ва ўмовах свабоды”, — заявіў Харт. Такая мера, на яго думку, „стане адчувальнай для мінскага рэжыму”.

„У святле ўгону самалёта або забойства апазіцыянераў за мяжой дзяржаўны тэрарызм рэжыму Лукашэнкі больш не ведае межаў. Тое, што ў дадатак да гэтага некалькі членаў беларускай алімпійскай каманды пакінулі сваю краіну, сведчыць аб нецярпімасці ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі нават для тых, хто наўпрост не зведаў рэпрэсій”, — сказаў прадстаўнік фракцыі ХДС/ХСС.

Паводле яго слоў, год таму народ адмовіў Лукашэнку ў даверы і падтрымцы. „Для Беларусі не можа быць іншага шляху, акрамя як свабодныя выбары з таемным галасаваннем пад міжнародным назіраннем. Пераважная большасць людзей жадала б змен у кіраўніцтве дзяржавай і шляху да сучаснай, адкрытай і дэмакратычнай будучыні. У гэтым імкненні людзі ў Беларусі маюць падтрымку з боку фракцыі ХДС/ХСС у бундэстагу”, — падкрэсліў Харт.

belapan.by