Франак Вячорка: Палітвязні Беларусі падвяргаюцца сістэмнаму ціску



Сітуацыя з Віктарам Бабарыкам – гэта не адзіны выпадак. Пра гэта заявіў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Палітвязні Беларусі падвяргаюцца сістэмнаму ціску, псіхалагічнаму, фізічнаму, утрымліваюцца ў нечалавечых умовах. І мы павінны звяртаць увагу міжнароднай супольнасці на гэта кожны дзень», – кажа Вячорка й пералічае, чаго варта чакаць ад замежных партнёраў.

Першае: выразная пазіцыя з асуджэннем. Гэта дапаможа прыцягнуць увагу. Не толькі да сітуацыі з Віктарам Бабарыкам, але і з ўсімі палітвязнямі. Другое: дыпламаты, якія знаходзяцца „на зямлі”, могуць патрабаваць доступ да Віктара Бабарыкі, каб упэўніцца ў стане яго здароўя. Трэцяе: трэба дабівацца візіту прадстаўнікоў АБСЕ ў месцы зняволення, а таксама магчымасці свабодна наведваць судовыя паседжанні над палітвязнямі. Чацвёртае: трэба дабівацца, каб міжнародныя арганізацыі такія, як Чырвоны Крыж, Місія ААН, іншыя структуры наведвалі беларускія турмы, глядзелі ў якім стане ўтрымліваюць палітвязняў, каб мелі магчымасць з імі размаўляць. Гэтак сама такую справу мог бы рабіць і каталіцкі касцёл. Пятае: таксама трэба гаварыць пра патрабаванне спыніць пераслед адвакатаў і забяспечыць палітвязням права на абарону.

Нагадаем, што Віктар Бабарыка, мяркуючы па апытаннях грамадскай думкі, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года быў самым папулярным сапернікам Лукашэнкі. Палітыка зняволілі 18 чэрвеня 2020 года, а ў ліпені 2021 года яму прысудзілі 14 гадоў пазбаўлення волі.

Беларускае Радыё Рацыя