Франак Вячорка: Беларусы галасуюць за дыялог
Святлана Ціханоўская звернецца да сусветных дэмакратычных лідараў і экспертаў з заклікам дапамагчы ў правядзенні перамоваў для мірнага вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі. Для гэтага – офіс Святланы Ціханоўскай з Сеймам Літоўскай Рэспублікі 22 сакавіка правядзе форум Кастуся Каліноўскага. Тэма – перамовы ў Беларусi, каб забяспечыць перадачу ўлады і правядзенне новых свабодных і сумленных выбараў. У той жа час на платформе „Голас” ідзе галасаванне за перамовы з уладамі, якой паказвае, што беларусы падтрымліваюць гэту ідэю.
Кажа дарадца Святланы Ціханоўскай па міжнародных пытаннях Франак Вячорка:
– Той інструмент, які мы выбралі, ён найбольш эфектыўны ў тым моманце, у той сітуацыі ў якой мы цяпер. Не замест пратэстаў, ён у дадатак да пратэстаў, ён адкрывае для нас дадатковы фронт. У нас быў адзін галоўны фронт – гэта вуліца. Мы на яе арыентаваліся, мы дзеля яе працавалі, мы спадзяваліся, што людзі выйдуць. Мы дапамагалі тым, каго рэпрэсавалі. Другі фронт – гэта стварэнне гэтай пляцоўкі па размовах з тымі, хто ўвасабляе, альбо прадстаўляе цяперашні рэжым. Зараз яны павінны суіснаваць.
Ад перамоваў мы і так нікуды не дзенемся. Задача, якую перад сабой ставілі – звычайная. Пасля доўгай зімы поўнай рэпрэсій – вярнуць людзям адчуванне еднасці, змабілізаваць іх. Гэтыя галасы – самы бяспечны спосаб выказваць сваю нязгоду з рэжымам:
– Людзі галасуюць за мірны выхад з крызісу – гэта вельмі кантрастуе з тым, што прапаноўвае Лукашэнка. Лукашэнка прапануе зачысціць вуліцы, вызваліць гарады ад гэтых пратэстуючых. Мы прапануем мірны выхад з крызісу. Гэта аб’ядноўвае прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай і тых людзей, якія не вызначыліся, а таксама тых, хто знаходзіцца ў рэжыме Лукашэнкі, але таксама хоча, каб гэты крызіс хутчэй скончыўся.
Ужо больш за 620 000 беларусаў прагаласавала за мірны выхад з крызісу праз перамовы. У офісе Святланы Ціханоўскай добра разумеюць, што арганізаваць перамовы магчыма толькі пры міжнародным пасярэдніцтве. Ініцыятыву падтрымалі ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі, а таксама на міжнародным узроўні – АБСЕ, місія ЗША ў АБСЕ, эксперты, парламентарыі нацыянальных парламентаў і Еўрапарламенту.
Раней Святлана Ціханоўская выступіла са зваротам, у якім заявіла, што ёй трэба мець мандат на ўдзел у перамовах аб мірнай перадачы ўлады. Палітык лічыць вельмі ўдалымі вынікі першых дзён галасавання за перамовы з уладамі, якое праходзіць на платформе „Голас”, і яна заклікала беларусаў не спыняцца на гэтым.
Беларускае Радыё Рацыя