Франак Вячорка: Памылка грамадскай свядомасці – прымаць невялікія саступкі за вялікія перамогі
Прадстаўнік офіса Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў эфіры нашага радыё распавёў Уладу Грынеўскаму пра тое, што важна давесці справу да канца і не саступіць Лукашэнку, калі пачнецца сімуляцыя адлігі.
– Я памятаю дні, калі 9,10,11 адбываліся жахлівыя падзеі ва ўсіх раёнах Менску і больш, чым у 30 гарадах Беларусі. Тады раніцай мы адкрывалі навіны і бачылі сотні фотаздымкаў і гэта шакавала. Шакавала нават тых, хто раней ніколі не ўдзельнічаў у палітыцы. І вось гэты гнеў дасягнуў сваёй кульмінацыі, калі было апублікаванае відэа крыкаў на Акрэсціна. Калі нехта запісаў з-пад брамы ці з суседняга будынка, як там мучаюць людзей. Ну, і ўлады зразумелі, што ім канец, што ім кепска, што зараз будзе народны гнеў, што ён перарасце ў паўстанне, у рэвалюцыю і яны не знайшлі нічога лепшага, чым тактычна адступіць. І яны паслалі сваіх міліцыянтаў па розных гарадах раздаваць кветкі пратэстуючым, памятаеце ў Жабінцы міліцыянты падыходзілі да жанчын з кветкамі ў руках, а ў Менску выставілі некалькі салдацікаў каля Дома ўраду для таго, каб выпусціць пару. І гэта была наша памылка, таму што мы дазволілі ім гэта зрабіць і тады трошкі змякчэлі, а змякчаць ціск нельга было.
– А трэба было ціснуць, не прымаць кветкі? Ты пішаш пра памылку менавіта ў гэты дзень, а як трэба было дзейнічаць паводле цябе?
– Я думаю, гэта не памылка лідараў ці палітыкаў. Гэта памылка грамадскай свядомасці, таму што грамадская свядомасць на фоне змроку, жэсці, якая творыцца, яна шукае пазітыў, аддушыну. І вось гэта маленечкая нібыта саступка ўспрымалася як перамога. Сапраўды, у многіх было адчуванне, што рэжым упаў, але гэта не было падзеннем. Таму гэта памылка грамадскай свядомасці – прымаць невялікія саступкі за вялікія перамогі. І я гэта напісаў не для таго, каб парэфлексаваць пра мінулае, а для таго, каб папярэдзіць грамадскую думку, што зараз, у верасні, Лукашэнка пачне гандлявацца, пачне, хутчэй за ўсё, саступаць, выпускаць партыямі людзей, сімуляваць нейкую адлігу. І нам не трэба купляцца. Нам трэба строга трымацца нашага патрабавання – вызваленымі павінны быць усе і ўсе павінны быць рэабілітаваны. Не па частках, не на нейкіх умовах, а цалкам і беспаваротна.
Цалкам размову слухайце у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя