Франак Вячорка: Перамовы – гэта адзіны выхад з крызісу



Дыялог вельмі патрэбны, але рэжым да яго не гатовы. Сказаў у нашым эфіры дарадца Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах Франак Вячорка.

РР: Найважнейшае пытанне, якое зараз абмяркоўваецца ў беларускай прасторы, – гэта размовы пра білеты Вячоркі і Ціханоўскай ў Менск, якія былі купленыя на пачатак траўня.

Франак Вячорка: Білеты набываліся яшчэ да таго, як Ціханоўская была аб’яўленая тэрарысткай і да таго, як гэтая „змова” была нібыта выкрытая спецслужбамі Беларусі і Расеі. Таму білеты і не спатрэбіліся.

РР: Атрымліваецца, былі планы прыехаць у Беларусь? Гэтыя білеты абмяркоўваюцца ў кантэксце магчымых перамоў, пра якія заяўлялі ранней. Ці варта гаварыць пра нейкія зрухі зараз?

Франак Вячорка: Мы зараз працуем над тым, каб стварыць умовы для перамоваў. Мы хочам размаўляць, мы хочам дамаўляцца, хочам вызваліць людзей з турмаў. Але рэжым у Беларусі не гатовы. Замест гэтага ён набірае яшчэ больш палітвязняў, узмацняе рэпрэсіі. Мы стараемся стварыць пляцоўкі, каб у той момант, калі рэжым будзе гатовы, каб у нас было месца, канал камунікацый. І для гэтага Святлана Ціханоўская сустракаецца з замежнымі лідарамі, прадстаўнікамі АБСЕ, каб праз пасярэднікаў аказаць неабходны ціск на рэжым.

РР: Раней пра гэтыя перамовы гаварылася больш аптымістычна. Зараз больш песімізму. 

Франак Вячорка: Я не бачу песімізму. Я гляджу рацыянальна, што няма іншага варыянту, чым перамовы. Гэта адзіны выхад з крызісу. Крызіс нарастае, ён не вырашаецца. Сітуацыя не нармалізуецца. Заявы Лукашэнкі, гэтыя прэвентыўныя затрыманні, эскалацыя напружання – гэта сведчанне таго, што крызіс яшчэ паглыбляецца. Таму да перамоваў трэба рыхтавацца ў любым разе. Тое, што рэжым не гатовы, гаворыць пра яго поўную безадказнасць, адсутнасць палітычнай сталасці, разумення таго, што інтарэсы дзяржавы і народу павінны быць першымі, а не інтарэсы асобнага чалавека. Яны гэтага не разумеюць, таму трэба зрабіць так, каб да іх гэта дайшло. І таму мы будзем патрабаваць яшчэ большага ціску на рэжым, яшчэ большых санкцый, каб змусіць іх пайсці на неабходныя саступкі.

РР: Ціханоўская зараз знаходзіцца ў Еўропе. Лукашэнка сёння падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам пагражаў Еўропе. Сказаў, што Еўропа больш пацерпіць ад гэтых санкцый. Як можна гэта пракаментаваць?

Франак Вячорка: Лукашэнка паводзіць сябе досыць істэрычна, няўпэўнена. Гэтая паказальная расправа – гэта паводзіны не таго чалавека, які трымае сітуацыю пад кантролем. Расстаноўка людзей вакол яго – гэта сведчанне таго, што ўсё хісткае. І ў любы момант можа разваліцца. Ясна, што ён шукае знешняга ворага. Знешнім ворагам прасцей апраўдаць свае паводзіны ды і крызіс у краіне. Ну, і ворагам ён выбірае ці Еўропу, ці ЗША, ці Польшчу.

РР: А ці не здаецца, што акурат ён вельмі моцна сядзіць, і сведчанне гэтаму – распаўсюд рэпрэсій? Ён пераканаўся ў тым, што перамог?

Франак Вячорка: Калі б ён упэўнена сядзеў, яму не патрэбныя былі б такія дэманстратыўныя рэпрэсіі. Яны праводзяцца толькі таму, што яму трэба дэманстраваць сваю сілу. А іншых інструментаў акром гвалту ў яго не засталося. Трымаць закручанымі гайкамі дзяржаву доўгі час немагчыма. На гэта зрэагуе эканоміка, грамадства, зрэшты рэшт – людзі ўнутры эліты, якія зацікаўленыя ў пераменах. Таму давайце будзем гатовымі, што ў любы момант уся гэта сістэма, якая выглядала яшчэ нядаўна маналітам, пачне развальвацца. І давайце рабіць так, каб гэты працэс паскорыць.

РР: Было аб’яўлена, што магчымае аднаўленне пратэстаў адбудзецца 9 траўня, Павел Латушка заклікае. Ці адновяцца пратэсты?

Франак Вячорка: Я лічу, што пратэсты не спыняліся, але яны змянілі форму. Таму што пратэставаць ва ўмовах таталітарнага рэжыму, хунты традыцыйнымі маршамі вельмі складана. Людзі вельмі рызыкуюць. Таму зараз аднаўлення шматтысячных акцый я б не стаў чакаць і не стаў бы падстаўляць людзей. Але мы вітаем усіх, хто не губляе духу і выходзіць пратэставаць. Ці будзе 9-га траўня пераломным днём, цяжка сказаць. Бо сітуацыя мяняецца кожны тыдзень. Гэты пратэст успыхнуць можа кожную хвіліну.

РР: І апошняе пытанне: адзінае спадзяванне, якое ў нас ёсць, – гэта Еўропа?

Франак Вячорка: Не. Адзінае спадзяванне – гэта беларускі народ.

Гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: nn.by