Франак Вячорка: Пытанне вяртаецца на еўрапейскую павестку дня



Своеасаблівая дэманстрацыя амерыканскай пазіцыі. Пра гэта сведчыць сустрэча амбасадаркі ЗША Джулі Фішэр са Святланай Ціханоўскай у Вільне, а яшчэ раней з Паўлам Латушкам у Варшаве. Прыгадаем, з нагоды міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю, амбасадарка ЗША Джулі Фішэр і Святлана Ціханоўская ўсклалі вянкі да месца пахавання героя Беларусі, Літвы і Польшчы Кастуся Каліноўскага.

Са Святланай Ціханоўскай новапрызначаная амерыканская амбасадар сустрэлася раней, чым з Аляксандрам Лукашэнкам, якому паводле дыпламатычнага пратаколу павінна ўручыць даверчыя граматы перад уступленнем на пасаду. Гэту акалічнасць каментуе міжнародны дарадца Святланы Ціханоўскай — Франак Вячорка:

– Будзе яна ўручаць ці не, мы гэтага яшчэ не ведаем, пабачым. Не ведаем, як яе прымуць у Менску і ўвогуле ці яна зараз паедзе ў Менск. Паездка ў Вільню – гэта было дыпламатычнае рашэнне, гэта было зроблена адмыслова. Яна паказала палітычную пазіцыю Злучаных Штатаў Амерыкі, каго Злучаныя Штаты Амерыкі прызнаюць найперш. Яна правяла дастаткова шмат часу з камандай Ціханоўскай. Гэта не проста жэст, гэта дзеянне, палітычнае дзеянне. Мы спадзяёмся на партнёрства са Злучанымі Штатамі Амерыкі і вельмі шмат надзеяў на тое, што яны будуць рашучыя.

Цягам апошніх дзён Фішэр знаходзіцца ў Вільні, дзе сустрэлася з Ціханоўскай, прадстаўнікамі яе Офісу, Кабінету прадстаўнікоў, а таксама шэрагу беларускіх ініцыятываў і арганізацыяў.

Пашырэнне санкцыйнага спісу, чарговыя прапановы гучаць з Бруселя. У Еўрапарламенце прапанавалі ўвесці санкцыі супраць беларускіх суддзяў. Віцэ-прэзідэнт структуры Нікола Бір выказалася за ўвядзенне санкцый супраць беларускіх суддзяў.

Больш за тое, як дадае міжнародны дарадца Святланы Ціханоўскай – Франак Вячорка – еўрадэпутат ад Літвы Андрус Кубілюс выступае з пранцыповай пазіцыяй і абяцае выявіць у Еўропе так званыя «усе кашалькі Аляксандра Лукашэнкі» і арыштаваць іх, а таксама ўнесці мінімум 250 чалавек у санкцыйныя спісы. Пытанне вяртаецца на еўрапейскую павестку дня і гучыць больш канкрэтна, кажа Франак Вячорка:

– Шэсць месяцаў пасля выбараў – гэта добрая нагода вярнуць Беларусь на парадак дня. Пратэсты зменшыліся, Беларусь згубілася за Расеяй, за каронавірусам. Тое, што зноў пачалася размова пра дапамогу Беларусі, пра санкцыі, пра міжнародныя расследванні. Гэта вельмі добры знак, гэта ўсё абнадзейвае. Самае галоўнае, чаго нам бракавала ад замежных партнёраў – гэта рашучасці, каб нехта браў адказнасць. Нарэшце нашыя замежныя партнёры бяруць адказнасць.

Пры гэтым гучыць меркаванне, што еўрапейскія краіны „павінны шукаць баланс паміж ціскам і ўзаемадзеяннем з уладамі”.

Беларускае Радыё Рацыя