Франак Вячорка: Раман Пратасевіч – асабісты вораг для Лукашэнкі
У эфіры нашага радыё – дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. З ім абмяркоўваем захоп блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце рэйса Ryanair Афіны—Вільня, пасаджанага ў Менску.
РР: Выкраданне Пратасевіча выглядае як нейкі паветраны тэрарызм.
Франак Вячорка: Сапраўды, гэта паветраны тэрарызм.
Я думаю, што пасля сённяшняга дня ні ў каго не павінна быць сумневу, што гэты рэжым тэрарыстычны.
Метады, якімі ён карыстаецца, тое, што ён робіць, ігнаруючы, плюючы на ўсе міжнародныя правілы, – гэта доказ таго, што рэжым мусіць быць максімальна ізаляваны. Вось гэты захоп самалёта, які ляцеў праз Беларусь, з удзелам вайсковай авіяцыі, абляцеў ужо ўсе сусветныя СМІ. Я думаю, што гэта вялізная памылка рэжыму. Калі ён думае, што такім чынам ён расправіцца з Раманам Пратасевічам, то з іншага боку, ён дэманструе сваю недамоваздольнасць, сваю недзеяздольнасць, сваю нерацыянальнасць. І ён проста сам сябе знішчыць такімі ўчынкамі.
РР: Што, рэжым так баіцца Пратасевіча? Бо колькі выдаткаў, цэлая міжнародная афера з пасадкай самалёта для таго, каб затрымаць маладога хлопца.
Франак Вячорка: Рэжым неадэкватны. Усё тое, што адбываецца ў апошня дні, – і забойства Вітольда Ашурка, і адмена мясцовых выбараў, і спецаперацыя супраць Рамана Пратасевіча – гэта сведчанне канвульсіяў рэжыму. Ён спрабуе зачысціць поле, ведамствы змагаюцца хто з іх больш лаяльны, хто больш верны Лукашэнку. Спаборнічаюць у жорсткасці захадаў супраць апанентаў, вычышчаючы ўсё жывое: і журналістыку, і грамадзянскую супольнасць. Але па факце, яны жаруць саміх сябе. Раман, безумоўна, сімвал. Ён кіраваў тэлеграм-каналамі.
І, безумоўна, для Лукашэнкі ён асабісты вораг. І тое, што мы бачым, у тым ліку і асабістая помста Лукашэнкі Раману за ягоную актыўную дзейнасць.
Калі б нейкая логіка была за дзеяннямі рэжыму, то можна было б тлумачыць. Але гэта ўсё выглядае як нейкае кіно. Сапраўды, Лукашэнка загуляўся ў нейкі Галівуд. Ён спрабуе быць “крэпкім арэшкам”, дэманстраваць свае мускулы, але дэманструе сваю недзеяздольнасць, імпульсіўнасць і слабіну насамрэч. Таму што моцная ўлада, якая кантралюе сітуацыю, не займаецца спыненнем самалётаў, якія пралятаюць над тваёй тэрыторыяй.
РР: Дзяржсмі не расказваюць нават, што затрымалі Рамана, а расказваюць пра тое, што нібыта ўратавалі людзей, што ляцелі на гэтым самалёце. Нейкая іншая рэчаіснасць, гэта акурат “Пул першага” каментуе гэтую сітуацыю так цынічна.
Франак Вячорка: Цынізм – гэта ўсё, што ёсць у гэтага рэжыму. Цынічнасць, абыякавасць, хамства, даведзеныя да скрайнасці. Гэта той стыль, з якім яны зараз працуюць і спрабуюць утрымліваць уладу. Яны будуць будаваць гісторыі пра Рамана, пра ўратаванне пасажыраў, але, думаю, ні ў каго не застаецца сумневаў, што тычыцца шчырасці.
Што мы можам рабіць цяпер – гэта дабівацца міжнароднага расследавання. Мы будзем звяртацца ў Міжнародную асацыяцыю грамадзянскай авіяцыі, мы ўжо ў кантакце з Дублінам, з офісам Ryanair, каб высветліць дэталі, што ўсё ж адбылося і хто ўдзельнічаў у гэтай спецаперацыі. І будзем рабіць усё, каб не было беспакаранасці, каб усе вінаватыя панеслі адказнасць.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя