Франак Вячорка: У беларусаў мусіць выпрацавацца імунітэт на страх
Улады аб’явілі тэрор, што вядзе да цэнзуры і самацэнзуры – гэтага яны і дамагаюцца. Так кажа Франак Вячорка пра пагрозы МУС РБ, што нават за падпіскі на тэлеграм-каналы будуць караць.
Спачатку гучалі заявы, улады іх удакладнілі і растлумачылі – крымінальная адказнасць можа паўстаць толькі ў падпісчыкаў тых тэлеграм-каналаў, якія маюць статус «экстрэмісцкага фармiравання». Пасля чаго пачаўся працэс. Каналы прызнаюць экстрэмісцкімі фарміраваннямі. Як улады імкнуцца ўсіх напалохаць, кажа дарадца Святланы Ціханоўскай – Франак Вячорка:
– Губазікаўская заява пра пераслед усіх падпісантаў тэлеграм-каналаў не мае ніякай заканадаўчай легальнай асновы. Нават сам факт заявы спрацаваў эфектыўна. Людзі пачалі адпісвацца, каб чаго не здарылася. Нам трэба тлумачыць людзям, што гэта частка іхнай сістэмы. Гэта частка прапагандысцкай кампаніі, задача якой – пасяліць жывёльны страх. У беларусаў мусіць выпрацоўвацца імунітэт на гэты страх.
Як толькі людзі перастануць баяцца і рэагаваць на гэтыя заявы – сістэма пачне рушыцца, кажа Франак Вячорка. З апошніх рашэнняў паводле Міністэрства унутраных справаў Беларусі – тэлеграм-канал «Кіберпартызаны» і чат «Кіберзлівы» прызнаныя экстрэмісцкім фарміраваннем. Раней такі статус атрымалі таксама шэраг тэлеграм-каналаў.
Больш пра гэта ў праекце «Месца для прэсы» а 21.30 паводле беларускага часу, у Польшчы – на гадзіну раней.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя