Францішак Вячорка: У Польшчы перамагла дэмакратыя
“Яшчэ Польшча, не Беларусь”. У “Gazeta Wyborcza” выйшла інтэрв’ю з журналістам Францішкам Вячоркам. Беларускі грамадскі дзеяч даў сваю ацэнку падзеям, якія адбываюцца ў Польшчы. У прыватнасці, Францішак Вячорка вельмі крытычна аднёсся да спробы ўвесці супярэчлівую судовую рэформу, а таксама да палітыкі польскіх уладаў у адносінах да Беларусі.
Францішак Вячорка таксама падкрэсліў, што вэта прэзідэнта Анджэя Дуды – гэта перамога польскай дэмакратыі. Менавіта дэмакратычная Польшча з’яўляецца хаўруснікам свабоднай Беларусі, журналіст таксама ацэньвае, што дзейная польская ўлада мае аўтарытарныя рысы, таму ў беларускім інтарэсе быў бы адыход варшаўскага Ураду ад сваіх падыходаў.
Больш падрабязна сваю пазіцыю Францішак Вячорка патлумачыў для слухачоў нашага радыё ў размове з Адамам Завальнем:
РР: Францішку, Вы далі інтэрв’ю Газеце «Выборчай», у якой досыць крытычна ацэньваеце сітуацыю, якая сталася ў Польшчы, і нават параўноўваеце яе ў нейкай ступені з тым, што было ў Беларусі ў сярэдзіне 90-ых гадоў. Няўжо настолькі цяжкое становішча?
Францішак Вячорка: Не, я ні ў якім разе не хачу сказаць, што у Беларусі і Польшчы падобная палітычная сітуацыя. Усё ж такі ў Польшчы ёсць усталяваная дэмакратыя – ёсць суды, ёсць выбраныя палітычныя партыі і дэпутаты. У Беларусі таксама зрэшты гэта было, але не было ўсталяванае дэмакратыі – не было некалькіх кадэнцыяў зменнай дэмакратычнай улады – прэзідэнтаў і Парламентаў. Але тыя працэсы, прынамсі, той праект прызначэння суддзяў – гэта вельмі небяспечны званочак, у тым ліку з гэтага пачынаў Лукашэнка. Мы цяпер жнем плады таго, калі суддзі прызначаюцца вертыкаллю. Але я вельмі цешуся, што прэзідэнт наклаў вэта. Гэта яшчэ раз пацвердзіла, што ў Польшчы дэмакратыя спрацавала, гэтаксама як яна спрацоўвае ў Злучаных Штатах Амерыкі, і ў многіх іншых краінах, дзе да ўлады маглі прыйсці аўтарытарныя сілы.
РР: Але дазвольце, я Вас трошкі тут папраўлю, вось даслоўная цытата з інтэрв’ю: «Гэта яшчэ не Беларусь, хоць, на жаль, ужо не дэмакратыя». Далей Вы кажаце, што без дэмакратычнай Польшчы не будзе дэмакратычнай Беларусі. Але вось гэтыя словы, што «гэта ўжо не дэмакратыя», Вы заўважаеце нейкія аўтарытарныя рысы ў польскай палітычнай прасторы?
Францішак Вячорка: Відавочна. Заўважны кірунак, у якім гэта ўсё ідзе апошнія гады. Па-першае, гэта спроба стварыць дзяржаўную ідэялогію. Тое, што Лукашэнка будаваў на ІІ Сусветнай Вайне, на савецкай спадчыне, у Польшчы будуецца ў тым ліку праз Каталіцкі Касцёл, праз кантроль над сродкамі масавай інфармацыі, у прыватнасці, грамадскім тэлебачаннем. Ну і другое, гэта тое, што палякі, прынамсі цяперашняе кіраўніцтва, знаходзяць агульную мову з Лукашэнкам і яго памагатымі. Гэта таксама паказнік таго, што ў іх няма нейкіх розных каштоўнасцяў, якія б рабілі гэтую супрацу немагчымай.
РР: Можна таксама ўзгадаць, што ў Вашым інтэрв’ю ёсць некалькі словаў, прысвечаных сітуацыі, якая склалася з «Белсатам». Як вядома, сёлета – гэта апошні год, калі Польшча фінансуе «Белсат». Для Вас гэта было нечаканасцю, што «Права і Справядлівасць» адхіліцца ад свайго, здавалася б, традыцыйнага курсу падтрымкі беларускае грамадзянскае супольнасці?
Францішак Вячорка: Не скажу, што гэта апошні год фінансавання «Белсату», мне наадварот здаецца…
РР: … але менавіта з польскага бюджэту. Так прынамсі дэкларуе міністр.
Францішак Вячорка: Ну так, гэта рашэнне апошняга года, але мы бачым, што ў гэтыя дні ў Польшчы адбываюцца сотні акцыяў пратэсту, што партыя «Права і Справядлівасць» не мае цэласнасці, і заявы Дуды паставілі пад пагрозу расколу гэтую партыю. Гэта сведчыць пра тое, што ўсё можа памяняцца. Невядома, якімі будуць вынікі наступных выбараў, невядома, якім чынам «Права і Справядлівасць» будзе сябе паводзіць далей. Бюджэт на наступны год яшчэ не прыняты, таму гэтыя дэкларацыі пра спыненне фінансавання – яны ёсць, але ўсё можа вельмі хутка змяніцца. І я думаю, што са зменай курсу, могуць з’явіцца і больш спрыяльныя ўмовы для беларускае дэмакратыі.
РР: То бок Вы лічыце, што змена палітычнай атмасферы ў Польшчы, што прэзідэнт упершыню рызышоўся з лініяй партыі, з якой ён паходзіць, гэта можа паспрыяць таксама і беларускай справе?
Францішак Вячорка: Безумоўна ў нашых інтарэсах, каб у Польшчы пры ўладзе былі людзі, якія разумеюць каштоўнасць беларускае дэмакратыі і незалежнасці. Цяперашняя партыя, прынамсі кіраўнікі міністэрстваў не заўжды гэта ўсведамляюць. І гэтыя крокі на скарачэнне фінансавання «Белсату» і многіх беларускіх праграмаў – гэта трывожны званочак. Мне, безумоўна, няважна, якая будзе партыя пры ўладзе, мне асабіста істотна, каб гэтая партыя разумела каштоўнасць падтрымкі беларускае дэмакратыі.
РР: А каштоўнасці дэмакратычныя ёсць ва ўладзе тады, калі ёсць кантроль грамадства над уладай.
Францішак Вячорка: Абсалютна так. І вось тыя акцыі пратэсту, якія адбыліся па ўсёй Польшчы, у якіх бяруць удзел не толькі маладыя ці старыя, не толькі прыхільнікі Грамадзянскай Платформы ці любой іншай партыі, а сапраўды шырокія пласты грамадства, сведчаць пра тое, што кантроль грамадскасці ёсць. Тое, што Анджэй Дуда пайшоў на саступкі, сведчыць пра тое, што дэмакратыя працуе, і гэта ўсё гаворыць пра тое, што кірунак на аўтарытарызм, які намеціўся ў апошні год, ён не такі ўжо адназначны, не такі ўжо і пэўны. І, магчыма, у бліжэйшыя месяцы, мы пабачым вялікія перамены ў польскай палітыцы і нават, магчыма, разварот.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя