Францішак Вячорка: Вырашэнне крызісу немагчымае без удзелу міжнароднай супольнасці



Сёння, 2 чэрвеня, пройдзе другі дзень канферэнцыі пад назвай „Дэмакратычныя выбары для вырашэння крызісу ў Беларусі”, якую раней анансавала лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская.

У першы дзень яе дарадчык па міжнародных справах Францішак Вячорка падкрэсліў важнасць удзелу міжнароднай супольнасці ва ўсталяванні дэмакратыі ў Беларусі.

– На жаль, дарога да новых выбараў немагчымая без вулічнага супрацьстаяння, без будавання новых альтэрнатыўных структураў, якія і лягуць у аснову новага дэмакратычнага грамадства. І яны немагчымыя без міжнароднай супольнасці. Міжнародны ўдзел неабходны. У выглядзе: дапамогі падчас транзітнага перыяду; у выглядзе арганізацый часовых інстытутаў улады для правядзення выбараў і для непасрэднага назірання за самімі выбарамі. Гэты крызіс можна вырашыць толькі пры дапамозе новых выбараў, да якіх мы прыйдзем праз перамовы.

З боку Беларусі на канферэнцыі выступілі сама Святлана Ціханоўская, чалец прэзідыума Каардынацыйнай рада Вольга Кавалькова, кіраўнік народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі ды іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.

Офіс Ціханоўскай таксама прапанаваў удзел і прадстаўнікам дзеючай улады, у тым ліку кіраўніку адміністрацыі Ігару Сяргеенку, але пакуль яны жадання паўдзельнічаць у дэбатах не выказалі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя