Трагедыя ў Парыжы – знак грамадству на ахову свабоды слова (абноўлена)
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна наведала амбасаду Францыі, дзе са сваімі калегамі выказала спачуванні ад журналісцкай супольнасці Беларусі з нагоды расстрэлу рэдакцыі “Charlie Hebdo”.
– Гэтая трагедыя ўзняла не толькі сусветную журналісцкую супольнасць, але і ўсё грамадства. І тая рэакцыя, якую мы зараз назіраем, таксама, відаць, сведчыць пра тое, што свабода слова, права на нашу прафесію – гэта вельмі сур’ёзныя каштоўнасці, якія ў першую чаргу мы і ўсё грамадства павінны берагчы і ахоўваць.
Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў усклалі кветкі ды запалілі свечкі на ганку амбасады, а таксама пакінулі запісы ў кнізе спачуванняў у бібліятэцы дыпламатычнага прадстаўніцтва.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
У штаб-кватэры Арганізацыі ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА) выказалі салідарнасць з Францыяй у дзень нацыянальнай жалобы па загінулых супрацоўніках сатырычнага часопіса Charlie Hebdo. У камюніке міжнароднай арганізацыі ўтрымліваецца заклік да ўсіх СМІ далучыцца да жалобы. «Па прыкладзе уладаў Францыі ўсе супрацоўнікі ЮНЕСКА ўшанавалі памяць журналістаў хвілінай маўчання, – гаворыцца ў заяве. – Будучы арганізацыяй у складзе ААН, што дзейнічае ў абарону свабоды слова, ЮНЕСКА далучаецца да нацыянальнай жалобы ў Францыі. Усе СМІ таксама могуць далучыцца».
Усяго ахвярамі нападу на рэдакцыю Charlie Hebdo у Парыжы сталі 12 чалавек, большасць з якіх – супрацоўнікі часопіса, а таксама выпадковыя наведвальнікі і двое вартавых парадку. Загінула ўсё кіраўніцтва сатырычнага выдання і яго гістарычныя заснавальнікі, у тым ліку вядомыя на ўсю Францыю карыкатурысты Стэфан Шарбано (Шарб), Жан Кабю і Жорж Валінскі.
* * *
Французская паліцыя сьцягвае сілы да месца, дзе 8-га студзеня бачылі падазраваных у нападзе на рэдакцыю сатырычнага часопісу Charlie Hebdo. Там сярод іншага з’явіліся верталёты праваахоўных органаў Францыі.
Паводле паліцыянтаў, мужчыны, страляючы, абрабавалі бэнзазапраўку непадалёк ад горада Вілер-Катэрэ, а пазней уцяклі ў шэрым Renault Clio. Аўтамабіль гэтай маркі і колеру захапілі падазраваныя ў нападзе на сатырычны штотыднёвік. Прэм’ер-міністар Францыі Мануэль Вальс ня выключыў, што падазраваныя рыхтуюцца да яшчэ аднаго нападу.
Француская паліцыя ўжо затрымала 7 чалавек, падазраваных у датычнасці да нападу, ад якога загінулі 12 чалавек. Паведамляецца, што ўсе сямёра могуць быць сваякамі або знаёмымі двух падазраваных экстрэмістаў. Паліцыя мяркуе, што ўдзел у нападзе на рэдакцыю часопіса Charlie Hebdo бралі трое чалавек. Іх ужо ідэнтыфікавалі. Паліцыя распаўсюдзіла фотаздымкі і выдала ордэр на іх арышт.
Фота bbc.co.uk