Французскія сенатары ўпершыню наведаюць Беларусь



Дэлегацыя французскіх сенатараў упершыню наведае Беларусь з 15 па 19 красавіка, паведамілі БелаПАН у пасольстве Францыі.

У 2018 годзе ўпершыню ў гісторыі беларуска-французскіх адносін былі створаныя група дружбы „Францыя — Беларусь” у сенаце Францыі і рабочая група па супрацоўніцтве з гэтай краінай у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

У дэлегацыю, якая наведае Беларусь, увойдуць старшыня групы дружбы „Францыя — Беларусь”, намеснік старшыні камісіі па фінансах сената Шарль Гене, намеснік старшыні групы дружбы, старшыні камісіі па еўрапейскіх справах Жан Бізэ, старшыня камісіі па фінансах Вінцэнт Эбле і выканаўчы сакратар Дзіна Дэжардэн.

Як удакладнілі ў пасольстве Францыі, мэтай візіту з`яўляецца абмеркаванне шырокага спектра пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, як палітычнага, эканамічнага, так і культурнага плана.

Дэлегацыя плануе наведаць таксама рэгіёны. У Менскай вобласці запланаваны візіт на БЕЛАЗ (Жодзіна) і ў Барысаў, па месцах напалеонаўскай кампаніі і ў сярэднюю школу № 9, дзе знаходзіцца музей палка „Нармандыя — Нёман”. У Гарадзенскай вобласці плануецца наведаць сярэднюю школу № 8 Гародні, дзе паглыблена вывучаюць французскую мову, а таксама Шчучын, звязаны з Францыяй агульнай старонкай у біяграфіі генерала Шарля дэ Голя.

belapan.by