Францыя параіла сваім грамадзянам выязджаць з Расеі
Францыя параіла сваім грамадзянам, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, выязджаць з краіны. Як піша „Еўрапейская праўда”, пра гэта паведамляе France Bleu.

Грамадзянам Францыі настойліва раяць з’язджаць з Расеі, „калі іх прысутнасць або членаў сям’і не абавязковая”, улічваючы змены сітуацыі, выкліканыя ўварваннем РФ ва Украіну і фактычна спыненнем авіязносінаў паміж Расеяй і краінамі ЕЗ.
„У кантэксце, створаным уварваннем Расеі ва Украіну і прымяненнем у дачыненні да РФ міжнародных санкцый, важна захоўваць павышаную пільнасць”, – папярэдзілі ў МЗС.
Нагадаем, 28 лютага Брытанія параіла сваім грамадзянам пазбягаць паездак у Расею — з-за „абмежаванай магчымасці вярнуцца ў Брытанію авіярэйсамі і нестабільнасці расейскай эканомікі, якая расце”. Амаль усё еўрапейскае і паўночнаамерыканскае неба ўжо закрыта для расейскіх авіякампаній.
