Freedom House апублікаваў чарговы даклад
Праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавала чарговы даклад пра „нацыі ў пераходным перыядзе” (пад назвай „Падзенне дэмакратычнага фасаду”).
Як адзначаюць у дакладзе, усё больш лідараў дзяржаў перастаюць нават прыкідвацца, што гуляюць паводле правілаў дэмакратыі, узмацняюць наступ на незалежнасць судоў, грамадзянскую супольнасць, сродкі масавай інфармацыі, выбарчыя сістэмы ды іншае.
Найбольш „разрыў дэмакратычнага кансэнсусу” бачны ў Цэнтральнай Еўропе і Балканах.
Самае вялікае падзенне дэмакратычных нормаў і свабодаў адзначаюць у Польшчы, якая перайшла з групы „кансалідаваных дэмакратыяў” у „паўкансалідаваныя” за апошнія 10 гадоў, і Вугоршчыне, якая апусцілася ад „кансалідаванай дэмакратыі” да „гібрыднага рэжыму”.
Беларусь у рэйтынгах Freedom House засталася з „кансалідаваным аўтарытарным рэжымам” і сумарным балам на ўзроўні Расеі, хоць і крыху вышэйшым за Азербайджан, Казахстан, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан.