Freedom House: Беларусь застаецца ў спісе несвабодных краін
Беларусь застаецца ў спісе несвабодных краін. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе „Свабода ў свеце — 2020”, які штогод рыхтуе амерыканская праваабарончая арганізацыя Freedom House. У дакладзе ацэньваецца сітуацыя з грамадзянскімі і палітычнымі свабодамі ў 195 краінах.
Паводле дадзеных даклада, 83 краіны (43%) аднесеныя да свабодных, 63 (32%) — да часткова свабодных і 49 (25%) — да несвабодных.
Разам з Беларуссю ў групу несвабодных краін уваходзяць Сірыя, Туркменістан, Эрытрэя, Паўднёвы Судан, Паўночная Карэя, Экватарыяльная Гвінея, Сірыя, Самалі, Таджыкістан, Лівія, Узбекістан, Кітай, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Азербайджан, Бахрэйн, Емен, Судан, Бурундзі, Лаос, Куба, Венесуэла, Чад, ААЭ, Іран, Камерун, Дэмакратычная Рэспубліка Конга (Кіншаса), Эсваціні (раней — Свазіленд), В’етнам, Рэспубліка Конга, Расія, Егіпет, Руанда, Габон, Казахстан, Аман, Эфіопія, Джыбуці, Катар, Камбоджа, Афганістан, Бруней, Зімбабвэ, М’янма, Ірак, Нікарагуа, Ангола, Тайланд, Турцыя, Уганда.
Сярод бліжэйшых суседзяў Беларусі Літва, Латвія і Польшча аднесеныя да свабодных краін, Украіна — да часткова свабодных.
„Дэмакратыя знаходзіцца пад пагрозай ва ўсім свеце, і гэта адбываецца не толькі ў аўтарытарных дзяржавах, як Кітай, Расія і Іран, але таксама і ў краінах, якія маюць шматгадовы вопыт абароны правоў і свабод”, — гаворыцца ў дакладзе.
Freedom House адзначае, што „за апошнія 14 гадоў у большасці сталых дэмакратый адбылося пагаршэнне ўзроўню свабоды”. 25 з 41 краіны, якія ацэньваліся ў 2005 годзе як развітыя дэмакратыі і падтрымлівалі рэйтынг свабодных на працягу 20 гадоў да гэтага, пагоршылі свае рэйтынгавыя паказчыкі.
Доля свабодных краін, паводле звестак праваабарончай арганізацыі, скарацілася на 3% за апошняе дзесяцігоддзе, у той час як долі часткова свабодных і несвабодных краін выраслі на 1% і 2% адпаведна. Таксама павялічыўся разрыў паміж краінамі, дзе свабода пагоршылася, і краінамі, дзе яна палепшылася. „У 2019 годзе людзі ў 64 краінах адчулі пагаршэнне сваіх палітычных правоў і грамадзянскіх свабод, у той час як паляпшэнні адбыліся ўсяго толькі ў 37 краінах, — гаворыцца ў дакладзе. — Разрыў быў меншым у 2018 годзе, калі ў 68 краінах паказчыкі панізіліся, а ў 50 — павысіліся”.
Большасць краін з найбольшым за год ростам і краін з найбольшым зніжэннем паказчыкаў знаходзяцца ў Афрыцы.
belapan.by