Фядыніч: Дэкрэт №3 павінен быць цалкам адменены



“Дэкрэт №3 павінен быць цалкам адменены”, – мяркуе кіраўнік Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч. Падчас нарады кіраўнік Беларусі паведаміў  пра часовае прыпыненне дзеяння так званага дэкрэта “аб дармаедстве”. Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў чыноўнікаў у тым, што яны безадказна выконваюць гэты дэкрэт.

“Не чыноўнікі-выканаўцы вінаватыя ў пратэстах, а той, хто яго падпісаў”, – кажа Генадзь Фядыніч:

– Дэкрэт павінен быць адменены – у гэтым сэнс супрацьстаяння людзей. Далей трэба займацца пытаннямі дэкрэта №29 па кантрактнай сістэме, пенсійнай сістэмай, „іпэшнікамі”, якія сёння не могуць працаваць. Ёсць маса праблем. Калі дзяржава хоча існаваць і быць незалежнай, то трэба быць незалежнай ні навярху, а  трэба быць незалежнымі разам з людзьмі. Толькі тады мы будзем незалежнымі.

Беларускія незалежныя прафсаюзы ініцыявалі збор подпісаў за адмену Дэкрэта №3. У Адміністрацыю кіраўніка Беларусі перадалі некалькі дзясяткаў тысяч подпісаў праціўнікаў дэкрэта. Збор подпісаў працягваецца надалей.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Наша Ніва