Фядыніч не выключае, што „справу прафсаюзаў” працягнуць
Старшыня прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч не выключае, што расследаванне распачатай у дачыненні да яго, а таксама бухгалтара прафсаюза Ігара Комліка, крымінальнай справы будзе другі раз працягнутае.
„З улікам таго што пашырылася кола асоб, якіх выклікаюць на допыты ў якасці сведак, узнікае пачуццё, што ў лютым расследаванне не завершыцца і зноў будзе працягнутае”, — заявіў БелаПАН кіраўнік прафсаюза. На яго думку, на карысць такой версіі кажа і той факт, што следчую групу па гэтай крымінальнай справе нядаўна павялічылі.
Фядыніч паведаміў, што апошні раз сустракаўся са следчым 12 студзеня. „Мяне азнаёмілі з рашэннем аб тым, што накладваюць арышт на аўтамабіль маёй жонкі, праз паўгода яны пра яго згадалі”, — адзначыў кіраўнік прафсаюза РЭП.
Фядыніч і Комлік праходзяць як падазроныя па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў) КК, іх абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Справу профактывіста, распачатую Камітэтам дзяржкантролю ў жніўні 2017 года, вядзе Следчы камітэт. Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай, у якой заклікалі ўлады спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка. Справу ў дачыненні да кіраўніцтва РЭП праваабаронцы параўноўваюць са справай кіраўніка закрытага ўладамі ў 2003 годзе цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага, якая была распачатая ў 2011 годзе.
У снежні мінулага года стала вядома, што тэрмін расследавання справы прадоўжаны на два месяцы — да 2 лютага 2018 года.