Фядыніч: Падтрымка Крамлём нелегітымнага рэжыму ў Беларусі – вялікая памылка
Дамоўленасці Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам, падтрымка нелегітымнага рэжыму з боку Крамля – гэта вялікая памылка, – лічыць адзін з лідараў беларускіх дэмакратычных прафсаюзаў Генадзь Фядыніч:
– Гэтыя выбары не прызнала Еўропа. І самае галоўнае – не прызнаў беларускі народ, а Пуцін прызнаў. Безумоўна, гэта палітычны крок, каб нейкім чынам захаваць над Лукашэнкам сваю ўладу і ў далейшым ім кіраваць. Што тычыцца Расеі, то я скажу, што расейскі і беларускі народ, безумоўна, сябравалі і будуць сябраваць. І не трэба блытаць Лукашэнку і Крэмль і народы Расеі і Беларусі. Гэта зусім розныя рэчы.
Уладзімір Пуцін у сваіх адносінах з Аляксандрам Лукашэнкам павінен памятаць, што любыя подпісы Лукашэнкі пасля прэзідэнцкіх выбараў, вынікі якіх былі фальсіфікаваныя, з’яўляюцца нелегітымнымі і не будуць насіць ніякага законнага характару. І безумоўна, усе дакументы, падпісаныя нелегітымным кіраўніком краіны, пасля змены ўлады будуць скасаваныя, – падкрэсліў Генадзь Фядыніч.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск