Гаага чакае
Невялікі гарадок з трыццацітысячным насельніцтвам у Кіеўскай вобласці. Буча, аб якой год таму даведаўся ўвесь свет. Сімвал зверстваў вайскоўцаў РФ і хлусні крамлёўскай прапаганды. Горад быў у акупацыі 33 дні. Па ўсім Бучанскім раёне «армія вызваліцеляў» забіла каля паўтары тысячы жыхароў, 37 з іх – дзеці. Каля трохсот чалавек прапалі без весткі. Дакладную колькасць загінуўшых пакуль устанавіць немагчыма: паліцыя перыядычна знаходзіць спаленыя астанкі то ў гаражах, то ў парках.
Усе злачынствы старанна дакументуюцца для будучага суда. Відэа з камеры назірання, дзе акупанты вядуць па вуліцы дзевяць мужчын з рукамі за галавой, дапамагло ідэнтыфікаваць целы загінуўшых, якіх знайшлі непадалёк за офісным будынкам. Катавалі васьмярых — аднаму ўдалося выжыць, яго паранілі ў жывот. Мужчына удаваў мёртвага, а калі каты адышлі ад целаў, уцёк. ВСУ вызвалілі Бучу роўна год таму, 31 сакавіка, тады ж украінцы і ўвесь свет даведаліся аб катаваннях і забойствах мясцовых жыхароў. І тады ж з’явіліся фейкі РФ аб тым, што яе войскі не маюць дачынення да Бучанскай разні.
Звыклая тактыка дэзінфармацыі, калі вораг аператыўна запускае ілжывыя тэзісы, то бок фактам супрацьдзейнічаюць анты-факты: нібыта целы забітых рухаліся (нават ёсць відэа! праўда, нізкай якасці), ды і ўвогуле ніякіх целаў і брацкіх магіл да адыходу расейскіх войскаў не было. Такім чынам, целы пасля дэакупацыі падкінулі супрацоўнікі СБУ. Відавочцы зверстваў упэўненыя, што расейскія вайскоўцы прыйшлі ў Бучу не ваяваць – не маючы ніякага матыву, проста расстрэльвалі мірных жыхароў. Дзеля расправы, за тое, што ўкраінцы.
Не толькі забівалі, але потым ціснулі іх целы танкамі. Катаванні і згвалтаванні – у тых, хто выжыў, гэта ніколі не выцерці з памяці. А кожны сусветны лідар падчас візіту ва Украіну абавязкова прыяжджае ў Бучу ўшанаваць памяць ахвяр расейскай агрэсіі.
Як сказаў Прэзідэнт Зяленскі ў гадавіну вызвалення, д’ябал не дзесьці там, ён на Зямлі. І кожны ведае яго прозвішча. Гаага чакае.
Ліза Ахроменка