Гадавіна ўвядзення ваеннага становішча ў Польшчы



Танкі, жаўнеры і міліцыя на вуліцах. У такой рэчаіснасці 34 гады таму прачнуліся палякі. 13 снежня палякі ўшаноўвалі гадавіну ўвядзення ваеннага становішча. Улады Польскай Народнай Рэспублікі інтэрнавалі тысячы апазіцыянераў, закрылі большасць газет, а на чале  тэлебачання, радыё ды большасці ўстаноў паставілі ваенных камісараў.

aleg_latyshonak

Распавядае сведка і ўдзельнік падзей беларускі гісторык Алег Латышонак (на фота).

РР: Што насамрэч уяўляла сабой ваеннае становішча?

Алег Латышонак: Гэта ў першую чаргу спыненне надзеі на тое, што мы збудуем у Польшчы лепшы свет. Самае страшнае – гэта страта надзеі. Пасля цягам гадоў у краіне нічога добрага не адбывалася. Шмат людзей выехалі за межы краіны – каля 800 тыс. З іх палова жыве ў Аўстраліі і ў Канадзе. Для мяне ваеннае становішча – гэта шэрасць і безнадзейнасць.

РР: Больш за 100 тыс сілавікоў было выкарыстана ў ноч з 12 на 13 снежня, шмат каго затрымалі. Каго перш за ўсё?

Алег Латышонак: Яны вельмі добра ведалі, каго трэба затрымаць, былі складзеныя дакладныя спісы. Затрымалі практычна ўсё кіраўніцтва “Салідарнасці”. Можна сказаць, што арганізацыя за адну ноч была абезгалоўлена. Гэты ўдар быў мэтны і вельмі дакладны. Таму трэба было не адбудоўваць структуры, а фактычна будаваць нанова. У Беластоку гэта адбылося даволі хутка, бо мы адныя з першых надрукавалі бюлетэнь “Салідарнасці”, за што хутка і паплаціліся. Калі нехта затрымліваўся за дзейнасць, то гэта ўжо расцэньвалася як парушэнне ваеннага становішча і вельмі жорстка каралася. Людзям  за тое, што ў іх нешта друкавалася, канфіскоўвалі жыллё. Калі чалавека затрымлівалі за дзейнасць, на падставе сведчанняў і з нейкімі матэрыяламі, то гэта азначала вялікі тэрмін зняволення.

РР: У грамадстве адчуваўся страх?

Алег Латышонак: Канешне! Калі чалавек бачыць на вуліцы бронетранспарцёры, узброеных жаўнераў, то вядома, гэта выклікае страх. Невядома, калі і ў каго выстраляць – выпадкова ці не? Грамадства было запалоханае, бо калі не арыштуюць, то могуць з працы звольніць. Была ўведзена паліцэйская гадзіна. Былі абмежаванні ў кантактах паміж гарадамі.

РР: У пачатку снежня былі страйкі, якія з увядзеннем ваеннага становішча былі забароненыя.

Алег Латышонак: Дзякуй богу, смяротных ахвяраў у час увядзення ваеннага становішча было не так шмат. Але былі забітыя на вугальнай шахце «Вуек» ў горадзе Катавіцы, быў расстрэл дэманстрацыі ў Любліне. Людзі гінулі, і гэта моцна запалохвала грамадства.

РР: Генерал Ярузельскі казаў, што мусіў увесці ваеннае становішча, каб абараніць грамадства, каб не паўтарыць падзей у Будапешце і Празе. Наколькі гэта праўда?

Алег Латышонак: З упэўненасцю сказаць не магу, але ёсць шмат доказаў таго, што Ярузельскі сам прасіў дапамогі ў Савецкага Саюза і проста быў прымушаны Крамлём зрабіць гэта самастойна. Яны не мелі ахвоты ўводзіць у Польшчу свае войскі.  А  парадак трэба было наводзіць. Таму ў Ярузельскага была толькі адна альтэрнатыва – альбо ён гэта зробіць, альбо за яго зробіць гэта нехта іншы, але паляк, не Савецкі Саюз. Проста яго заменяць больш рашучым чалавекам.

У першую ноч ваеннага становішча было задзейнічана больш за 100 тысяч жаўнераў, міліцыі і функцыянераў бяспекі. У першыя дні было затрымана і інтэрнавана каля 5 тысячаў чалавек.

Гутарыў Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота pl.wikipedia.org