Галоўчанка прызнаў, што грошай на далейшыя выплаты надбавак медыкам ужо няма



Урад звернецца да Аляксандра Лукашэнкі ў справе выдзялення дадатковых сродкаў на барацьбу з COVID-19. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка, якога цытуе БелТА.

Прычына — уздым захворвання. Па словах Галоўчанкі, патрэбна яшчэ амаль 250 млн рублёў (каля 100 млн даляраў), у тым ліку 140 млн — на набыццё лекаў і вакцын.

Галоўчанка таксама заявіў, што ў чацвёртым квартале на выплату «ковідных» надбавак медыкам патрэбна яшчэ 250 млн рублёў, якія шукаюць у рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах.

«Тое, што мы закладвалі на год, фактычна было з’едзена за тры кварталы», — сказаў прэм’ер-міністар.

Галоўчанка паведаміў, што сёлета на надбаўкі медыкам накіравалі 825 млн рублёў (з пачатку пандэміі — «практычна 1,3 млрд»). А яшчэ сродкі выдаткоўваліся на куплю вакцын, медычных прэпаратаў і сродкаў індывідуальнай засцярогі.

svaboda.org