Галоўрэд „Рэха Масквы” сустрэнецца з Лукашэнкам
У галоўнага рэдактара радыёстанцыі „Рэха Масквы” Аляксея Венедыктава 6 снежня запланаванае інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам.
„На сённяшні дзень у мяне яшчэ стаіць інтэрв’ю на 6 снежня на 10.30 раніцы”, — паведаміў Венедыктаў у эфіры сваёй праграмы „Будзем назіраць”.
У той жа час ён не выключыў, што інтэрв’ю можа быць перанесенае: „Напружанне па абмеркаванні новай версіі саюзнай дамовы ці, дакладней, дарожных карт моцна расце. Цяпер была кароткая сустрэча ў Кіргізіі ў Пуціна з Лукашэнкам (27—28 лістапада там праходзіў саміт АДКБ. — БелаПАН.). І яны дамовіліся яшчэ да 8 снежня сустрэцца яшчэ пару разоў, як я разумею. Таму мяне сумленна ўчора ўвечары папярэдзілі, што графік можа папаўзці. Так бывае ў прэзідэнтаў. Мы гэта ведаем. Я пакуль з квіткамі, з гасцініцай, з апаратурай. Рыхтуюся, збіраю пытанні да Александра Рыгоравіча. Я стаю на нізкім старце, што называецца”.
„Таму, як толькі вярнуся з Екацярынбурга 3-га чысла, я буду гатовы вылецець у Менск. Калі інтэрв’ю папаўзе па часе, ну, значыць, папаўзе. Слухайце, мы дарослыя людзі. Нам жа важней атрымаць вынік дамоўленасцяў, чым інтэнцыю. Таму, можа быць, паміж 8-м і сустрэчай прэзідэнта Пуціна і Лукашэнкі, можа быць, туды ўклініцца. У любым выпадку, цяпер гэта ўсё залежыць ад яго графіка. Мы будзем чакаць, калі графік дазволіць узяць інтэрв’ю. Я гатовы”, — сказаў галоўны рэдактар „Рэха Масквы”.
„Мы ў адносінах Расеі і Беларусі жывем у вельмі цікавы наступны тыдзень. Вельмі цікавы наступны тыдзень. Ну, гэты, натуральна, і наступны. Гэта цэнтральная будзе падзея для нашай краіны”, — заявіў Венедыктаў, які мае шырокія сувязі ў Крамлі.
6 снежня адбудзецца сустрэча прэм’ер-міністраў дзвюх краін Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзведзева. Чакаецца, што яны абмяркуюць ход узгаднення дарожных карт інтэграцыі (усяго іх 31). Падпісанне дакументаў планавалася да 20-годдзя дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы (8 снежня).