Гандлёвая ўкраінска-расейская вайна набірае абароты



Пашыраецца гандлёвая вайна між Украінай і Расейскай Федэрацыяй. Украіна выходзіць з зоны вольнага гандлю з Расеяй, значна павялічвае мыта на ўсе расейскія тавары і ўводзіць эканамічнае эмбарга на шэраг тавараў расейскай вытворчасці.

Больш падрабязна пра гэта распавядае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

– Гэтыя абмежаванні для расейскіх тавараў былі ўведзеныя ўкраінскім урадам пасля таго, як Расея з 1 студзеня абмежавала экспарт прадуктаў з Украіны. Тады ж пад дзеянне расейскага эмбарга патрапіла і Турцыя. У Расейскім спажывецкім надзоры паведамілі, што цяпер усе прадукты ўкраінскай вытворчасці падлягаюць утылізацыі.

У санкцыйным спісе, які склаў у адказ украінскі бок, – расейскі алкаголь, тытунь, прадукты харчавання, а таксама чыгуначнае абсталяванне.

Украінскі прэм’ер-міністр Арсеній Яцэнюк так пракаментаваў эмбарга супраць расейскай прадукцыі: “Гэта люстраныя дзеянні. Не мы пачыналі гэтую вайну… Агрэсар мае быць пакараны”.

Аналітыкі і эканамісты мяркуюць, што расейскае эмбарга не надта нашкодзіць Украіне. Украінскі экспарт у Расею толькі за 2015 год скараціўся на 80% і не з’яўляецца вырашальным для ўкраінскай эканомікі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: komitet.net.ua