Ганна Канапацкая: На гэтым тыдні сустрэнуся з прэм’ер-міністрам



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая распавяла, ці збіраецца яна працаваць ва ўрадзе.

Як вядома, не так даўно прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас запрасіў апазіцыйную дэпутатку Ганну Канапацкую працаваць ва ўрад, каб тая дапамагла падымаць эканоміку.

Ганна Канапацкая: У той жа дзень, як прэм’ер-міністр Сяргей Румас прапанаваў мне працаваць ва ўрадзе, мы дамовіліся пра сустрэчу, якая павінна адбыцца на гэтым тыдні.

РР: Для вас гэта было нечакана?

Ганна Канапацкая: Не вельмі, бо нейкія мае ранейшыя канструктыўныя ідэі ўжо былі рэалізаваны ў заканадаўчых актах і на ўзроўні пастаноў Савета міністраў.

РР: Калі будзе прапанова працаваць ва ўрадзе, то не адмовіцеся?

Ганна Канапацкая: Падчас сустрэчы размова пойдзе не пра маё працаўладкаванне. Мы абмяркуем прапановы пра тое, якім чынам сёння лепш перабудоўваць эканоміку.

Іншая справа, што сёння ніхто ва ўрадзе не мае паўнамоцтваў, якія патрэбны для правядзення рэформаў і дасягнення неабходных вынікаў у эканоміцы, высокіх паказчыкаў па росту УВП. І той жа прэм’ер-міністр не мае такіх паўнамоцтваў, хаця ўжо зараз патрэбна прымаць дастаткова кардынальныя і непапулярныя меры.

Гаворка ідзе нават пра закрыццё пэўных прадпрыемстваў, іх рэарганізацыю і скарачэнне дзяржаўных праграм падтрымкі. У мяне дастаткова прапаноў для прэм’ер-міністра.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя