Ганна Канапацкая не выключае ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах



Апазіцыйны дэпутат Палаты прадстаўнікоў шостага склікання Ганна Канапацкая, нядаўна выключаная з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, не адмаўляе, што можа ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе.

Сваімі палітычнымі планамі яна падзялілася ў праграме «Абʼектыўна», якая выйшла 4 снежня ў эфіры тэлеканала ОНТ.

Акрамя яе ў праграме ўзялі ўдзел новаабраныя дэпутаты: у мінулым пасол і прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных і старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) Алег Гайдукевіч, а таксама другі апазіцыйны дэпутат шостага склікання – старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) Алена Анісім.

«Я заўсёды казала пра тое, што дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам, – сказала Канапацкая. – Для Рэспублікі Беларусь сёння вышэйшай дзяржаўнай пасадай зʼяўляецца прэзідэнт. Але я магу сказаць, што я прыму рашэнне [балатавацца ў прэзідэнты], калі мяне папросяць пра гэта людзі. У мяне ёсць сёння сувязь з людзьмі, калі яны скажуць: «Ганна Анатольеўна, мы хочам бачыць вас».

Вядучы праграмы Дзмітрый Бачкоў удакладніў: «Ганна Анатольеўна, нічога асабістага, калі прэзідэнт кажа гэтую фразу, я веру. Але калі чалавек, які прайграў на парламенцкіх выбарах, кажа: «Калі мне людзі скажуць..». Што яны вам скажуць?»

«Калі яны скажуць, што яны хочуць, каб я ўдзельнічала ў прэзідэнцкай кампаніі, я, вядома, гэта зраблю, – адказала Канапацкая. – Але давайце казаць пра тое, што лідары бываюць розныя. Калі мы гаворым пра падтрымку, то я не ўпэўнены, што ў мяне падтрымка нашмат меншая, чым у тых, хто сядзіць у зале, а можа, і вышэйшая».

Анісім і Гайдукевіч у чарговы раз пацвердзілі намер удзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы.

Кіраўнік ТБМ заявіла, што яе каманда ўжо распачала падрыхтоўку да наступнай палітычнай кампаніі: «У нас праца цяпер вядзецца. Асноўная задача – знайсці неабходныя фінансавыя рэсурсы. Усё астатняе ўжо ёсць. Ідзе работа і па структурах, і па рэгіёнах. Пытанне чыста тэхнічнае».

Старшыня ЛДП падкрэсліў, што без яго партыі «прэзідэнцкіх выбараў не будзе». «Як мы можам не ўдзельнічаць у выбарах, калі мы адзіная партыя, якая здолела правесці свайго лідара ў парламент. Мы зараз рыхтуемся да кангрэса ЛДП, на якім абвесцім пра ўдзел у выбарах», – сказаў Гайдукевіч.

Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года.

БелаПАН