Ганна Канапацкая падвяла вынікі першых ста дзён у парламенце



Адзіны апазіцыйны дэпутат у Палаце прадстаўнікоў Ганна Канапацкая падвяла вынікі першых ста дзён сваёй працы ў парламенце. Яна кажа, што праца ідзе няпроста. Аднак нямала важных для грамадства пытанняў атрымалася ўзняць з парламенцкай трыбуны. “Галоўнае, – падкрэслівае дэпутат – што ў яе, як сябры апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі, з’явілася права заканадаўчай ініцыятывы”.

– Выкарыстоўваючы гэтае права, мы распрацавалі змены ў Крымінальны кодэкс адносна выключэння артыкула пра ілжэпрадпрымальніцтва. Спадзяемся, што да наступнай сесіі ў красавіку мы распрацуем змены ў Выбарчы кодэкс. І ўжо можам сказаць, што нашая каманда гатовая падрыхтаваць закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні. Якія б не былі нашыя амбіцыйныя планы, хутэчй усяго гэта будзе толькі да восеньскай сесіі. Працуем таксама над законам аб супрацьдзеянні насілля ў сям’і.

Паводле Ганны Канапацкай, вельмі істотна, каб прыняццё важных для грамадства законаў ініцыявалі самі дэпутаты. Яна прыгадала, што Палата прадстаўнікоў папярэдняга склікання прыняла толькі чатыры заканадаўчыя акты, якія ініцыявалі самі дэпутаты.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя