Ганна Канапацкая просіць Генпракуратуру праверыць дзеянні міністра аховы здароўя



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга склікання Ганна Канапацкая 29 красавіка падала на імя генеральнага пракурора Аляксандра Канюка заяву аб правядзенні праверкі і прыцягненні да крымінальнай адказнасці міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка.

У тэксце заявы, фатаграфіі якой Канапацкая апублікавала на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку„, гаворыцца, што Каранік учыніў дзеянні, „скіраваныя на максімальнае распаўсюджванне эпідэміі каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі Беларусі; увядзенне ў зман шляхам унясення ілжывых звестак і запісаў у афіцыйныя дакументы па захворванні і смяротнасці свайго непасрэднага кіраўніцтва і міжнародных арганізацый; дэзынфармаванне насельніцтва адносна небяспекі пашырэння” COVID-19.

Акрамя таго, яна мяркуе, што міністр аховы здароўя не прыняў мер па „належным інфармаванні свайго кіраўніцтва аб характары эпідэміі, якая распаўсюджваецца на тэрыторыі краіны, і цяжару наступстваў непрыняцця мер каранціннага і супрацьэпідэміялагічнага характару; інфармаванні медыцынскага персаналу і насельніцтва краіны адносна небяспекі каранавіруснай інфекцыі”. Канапацкая таксама лічыць, што ён не прыняў мер па „забеспячэнні падначаленага персаналу належнымі сродкамі індывідуальнай і калектыўнай аховы” і па „выкананні рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя” аб дыстанцыйным навучанні, забароне масавых мерапрыемстваў і мерах сацыяльнага дыстанцыявання.

Гэта, на яе думку, стала „прычынай масавых захворванняў каранавіруснай інфекцыяй і смерцяў як сярод непасрэдных падначаленых, так і сярод насельніцтва краіны”. „Як мяркуецца, мэтай гэтых дзеянняў службовай асобы з’яўляецца стварэнне ўмоў для атрымання матэрыяльнай выгады ў выглядзе дадатковых выплат, прэміяльных узнагароджанняў i iншых мераў матэрыяльнага стымулявання, звязаных з яго непасрэднай службовай дзейнасцю”, — адзначае ў дакуменце экс-дэпутат.

Канапацкая просіць Генпракуратуру „ў самыя кароткія тэрміны правесці праверку” на прадмет наяўнасці ў дзеяннях Караніка складу злачынстваў, прадугледжаных арт. 307 (непрыняцце мер па ратаванні людзей), арт. 308 (непаведамленне інфармацыі аб небяспецы для жыцця людзей), арт. 336 (парушэнне санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў і працэдур, устаноўленых тэхнічнымі рэгламентамі, санітарных нормаў і правілаў, гігіенічных нарматываў), ч. 2 арт. 427 (службовы падлог), арт. 428 (службовая халатнасць), арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса.

З улікам пасады, якую займае Каранік, яна просіць Генпракуратуру звярнуцца па згоду на прыцягненне яго да крымінальнай адказнасці да Аляксандра Лукашэнкі.

Экс-дэпутат таксама просіць на перыяд праверкі вынесці прадпісанне прэм’ер-міністру „аб неадкладным прыняцці комплексу мер па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, барацьбе з эпідэміяй і мінімізацыі яе негатыўных наступстваў”, у тым ліку мер, пералічаных у рэкамендацыях СААЗ.

У каментары БелаПАН Канапацкая адзначыла, што „толькі ў тым выпадку, калі пракуратура знойдзе склад злачынства, міністр можа быць прыцягнуты да адказнасці”. „Гэта не абвінавачанне, я не абвінавачваю Караніка, я мяркую”, — падкрэсліла яна.

„Я ўпэўненая ў тым, што ў Беларусі можна і павінна прыцягваць да адказнасці любога грамадзяніна незалежна ад яго чыноў і рангаў, калі ён здзейсніў правапарушэнне, прадугледжанае дзейным заканадаўствам. Але павінна быць праведзеная праверка належнымі органамі, і абвінавачанне можа вынесці толькі суд”, — дадала дэпутат парламента папярэдняга склікання.

Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 на раніцу 29 красавіка ў Беларусі дасягнула 13.181 (7,8% ад агульнай колькасці праведзеных тэстаў), памерлі 84 чалавекі, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

belapan.by