Ганна Канапацкая: Рэальных супернікаў для сябе не бачу
Палітык Ганна Канапацкая распавяла, ці разлічвае другі раз патрапіць у Палату прадстаўнікоў.
Ганна Канапацкая: Я іду на выбары ад АГП, а подпісы ў пікетах збіраем больш для фармальнасці. Мне проста трэба разумець узровень падтрымкі, і неабходныя тысячу подпісаў, дарэчы, я ўжо сабрала. Але пікеты працягнуцца.
РР: Ці цікавяцца людзі выбарамі?
Ганна Канапацкая: Большасць людзей, на жаль, апалітычныя, але ў мяне ёсць невялікая перавага, бо я адпрацавала тры гады ў акрузе, і гэта, безумоўна, вельмі дапамагае. Як дапамагае і тое, што да гэтага ўжо была дэпутатам Палаты прадстаўніком. Людзі пазнаюць, і гэта ўжо дае падставу для аптымізма. Многія самі падыходзяць, каб паставіць подпіс за мяне, іх не трэба цягнуць да сябе і ўгаворваць падпісацца.
Хаця наогул, мяне крыху здзівіла, наколькі складана сёння сабраць подпісы. Але з іншага боку на пікеты я асабліва і не разлічвала.
РР: Каго лічыце сваімі асноўнымі канкурэнтамі?
Ганна Канапацкая: У маёй акрузе рэальных супернікаў для сябе я не бачу, калі мы кажам пра рэальныя выбары. Яны ж не працавалі раней у гэтай акрузе, іх там проста не было.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя