Канапацкая сустрэлася са зборшчыкамі подпісаў супраць дэкрэту №3



У Менску ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі адбылася сустрэча дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай з валанцёрамі, якія дабраахвотна збіраюць подпісы супраць так званага дэкрэту „аб дармаедах”. Па словах Канапацкай, гэты дэкрэт парушае шмат нормаў беларускага і міжнароднага заканадаўства і перш за ўсё Канстытуцыю краіны. І таму раней яна  звярнулася ў адміністрацыю прэзідэнта з прапановай адмяніць  дэкрэт.

– Гэтая мая прапанова знайшла водгук сярод людзей, і яны арганізавалі збор подпісаў для таго, каб узмацніць мой голас у Палаце прадстаўнікоў, калі будзе разглядацца гэты дэкрэт.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы, валанцёр з Кобрыну Віталь Пшэнай кажа, что ў іх горадзе вострая праблема з недахопам працоўных месцаў. І на гэтым фоне дэкрэт №3 выглядае проста маразмам.

– Калі мы аб’яднаемся ўсімі сіламі ў адно цэлае, у адзін кулак, то я думаю, нечага мы дасягнем. Аднаму нечаго дасягнуць проста нерэальна. А калі ўсе разам, то павінна нешта атрымацца.

Такой жа думкі прытрымліваецца і валанцёр, жыхарка Менску Марына. Яна заклікае грамадзянаў актыўна падпісвацца за адмену дэкрэту, як гэта зрабіла і яна падчас аднаго з пікетаў актывістаў АГП. Зараз менчучка сама збірае подпісы.

– У мяне ў пад’ездзе ёсць такія неабыякавыя людзі. На рынке ёсць знаёмыя прадпрымальнікі, якія ўсё скардзяцца і скардзяцца, дык я кажу, ну добра, збірайце мітынг па вашым пытанні. Я пенсіянерка і пайду за вас. А вы сядзіце і наракаеце.

Таму грамадству, людзям  неабходна абуджацца і браць адказнасць за сітуацыю ў краіне на сябе, – канстатавалі ўдзельнікі сустрэчы з Ганнай Канапацкай.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя