Ганна Канапацкая: Толькі ад нас залежыць будучыня



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ганна Канапацкая распавяла, як кожны беларус можа паўдзельнічаць у змене існуючых законаў.

Нагадаем, што з 29 траўня праходзіць кампанія “Народны Закон”. Яе сутнасць заключаецца ў тым, што кожны чалавек можа ўнесці свае прапановы па змене існуючых законаў. З такой ініцыятывай выступіла ў тым ліку і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

На першым этапе будзе ісці грамадскае абмеркаванне прапаноў. На другім – экспертная ацэнка гатовага праекта і дапрацоўка з улікам заўваг. На трэцім – вынясенне праекта з дапамогай дэпутата Канапацкай на парламенцкую сесію. І, магчыма, народныя прапановы могуць быць улічаны пры зменах у заканадаўстве альбо распрацоўцы новых законапректаў.

Ганна Канапацкая: Ініцыятывы маюць вялікія перспектывы, таму што і насамрэч абсалютна кожны чалавек можа даслаць свае слушныя прапановы, калі такія маюцца. Таму давайце разам працаваць. Як мінімум да кампаніі могуць далучыцца ўсе тыя, хто ў мінулыя гады ўдзельнічаў у выбарчых кампаніях. Дзе вашы амбіцыі сёння? Вы ж, калі б сталі дэпутатам альбо прэзідэнтам, якраз гэтым і займаліся б сёння. І на гэта не так шмат часу, бо падрыхтаваць добры законапраект – праца не аднаго дня, як думаюць некаторыя. Але любая прапанова ў межах “Народнага закона” стане як мінімум рэальным дакументам, як максімум – дзеючым законам краіны.

РР: Якія шанцы, што прапановы людзей будуць улічаны дэпутатамі?

Ганна Канапацкая: Памыляюцца тыя, хто лічыць, што шанцы мінімальныя. Я наогул не разумею, чаму многія робяць высновы, што, калі прадстаўнікоў апазіцыі ў парламенце мала, то іх не падтрымаюць большасць дэпутатаў. Даўно трэба адыходзіць ад стэрэатыпа, што ўлада і апазіцыя – гэта дзве антаганістычныя групіроўкі, якія гатовы адзін аднаму горла перагрызці. Улада і апазіцыя – гэта раўназначныя элементы палітычнай сістэмы любой дзяржавы. Яны дапаўняюць адзін аднаго. Больш за тое – яны могуць змяняцца. Напрыклад, заўтра я стану прэзідэнтам краіны, і ўжо апазіцыя будзе ва ўладзе, а ўлада стане апазіцыяй. Барацьба за ўладу – гэта нармальна, гэта барацьба за будучыню сваёй краіны, а не супраць яе. Сэнс кампаніі “Народны закон” у тым і заключаецца, каб грамадзяне зразумелі, што толькі ад іх залежыць, як будзе жыць краіна заўтра. Толькі яны з’яўляюцца сапраўднай крыніцай улады ў Беларусі. Не на вуліцах і плошчах (гэта ўжо апошняя мера), а ў прадстаўленні сваіх інтарэсаў праз выбарныя працэдуры.

РР: А калі гэтыя працэдуры не працуюць?

Ганна Канапацкая: Значыцца іх трэба альбо ўдасканальваць, альбо змяняць. І займацца гэтым трэба не нейкаму дзядзьку (чараўнікоў у нас няма), а кожнаму з нас.  Калі грамадзяне гэта зразумеюць, яны будуць гатовы абараняць любое сваё палітычнае дзеянне. І тады мы зможам абвясціць, што ў нас ёсць сапраўды Народны парламент. І ўсе распрацаваныя ў праекце “Народны закон” дакументы будуць пакладзены ў аснову пакета рэформ і будуць працаваць на карысць краіны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота inform-progulka.by