„Улады разумеюць неабходнасць рэформаў, але не гатовы на глыбокія пераўтварэнні”



Беларускія ўлады разумеюць неабходнасць правядзення рэформаў, але не гатовыя „рабіць іх глыбока”, заявіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў, чалец Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая, выступаючы 23 лістапада на Менскім форуме.

„Сёння беларускія ўлады, і ў тым ліку заканадаўцы, разумеюць неабходнасць рэфармавання эканомікі, развіцця інфармацыйных тэхналогій, электроннага ўрада. Але не ўсё так радасна ў Беларусі. Мы бачым, што сёння патрабуюцца новыя прафесіі, сістэма адукацыі яшчэ адстае ад патрабаванняў часу”, — сказала дэпутат.

Канапацкая падкрэсліла важнасць прыняцця дэкрэта прэзідэнта № 8 „Аб развіцці лічбавай эканомікі”. Аднак, дадала яна, „вельмі небяспечнай можа быць правапрымяняльная практыка”. „На жаль, у сувязі з тым, што дзейнасць Парку высокіх тэхналогій рэгулюецца актам кіраўніка дзяржавы, ніхто не можа быць гарантавана ўпэўненым у тым, што заўтра гэты дэкрэт і тыя ўмовы, якія ён увёў, не будуць адмененыя або скарочаныя, — заявіла дэпутат. — Калі б гэта рэгулявалася нейкім законам, то гэта было б калегіяльнае рашэнне, і змяніць яго было б больш складана. І таму зараз наша задача як заканадаўчага органа — распрацаваць такія законы і такую правапрымяняльную практыку, якая гарантавала б бяспечны прыход інвестараў у Беларусь у любую сферу”.

„Беларуская краіна славіцца сваёй стабільнасцю, але, на жаль, мы сёння не можам сказаць, што ў нас стабільна добра”, — сказала на заканчэнне дэпутат.

БелаПАН