Ганна Канапацкая: Вярнуць права голаса і правесці эканамічныя рэформы
Змены ў выбарчае заканадаўства і дэкрыміналізацыя прадпрымальніцтва. Такія прыярытэты бачыць перад сабой дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Ад’яднанай Грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. Такія планы на першую рабочую сесію Палаты Прадстаўнікоў новага склікання.
У працы на пасадзе дэпутата прадстаўніку апазіцыі будзе дапамагаць рабочая група, у якую ўваходзяць эксперты правацэнтрысцкай кааліцыі, якія падрыхтуюць якасны прадукт па надзённых пытаннях палітыкі і эканомікі, – гаворыць Ганна Канапацкая.
– Пасля таго, як стала вядома, што мы атрымалі мандат, то мы хацелі б у першую чаргу звярнуць увагу на тое, што ў Рэспубліцы Беларусь дасёння адсутнічаюць свабодныя і сумленныя выбары. І наша задача вярнуць людзям права голаса. Арганізавана працоўная група, якая рыхтуе змены ў Выбарчы кодэкс. І другая нашая асноўная задача, якую мы бачым, – гэта правядзенне эканамічных рэформ. І адно з асноўных палажэнняў гэтай эканамічнай рэформы – гэта змена адносін у эканоміцы ў сферы дэкрыміналізацыі гэтых адносін. Гэта выключэнне з Крымінальнага кодэкса такога складу злачынства – як ілжэпрадпрымальніцтва.
Найбольш эфектыўнай сваю працу Гана Канапацкая бачыць у складзе Камісіі па бюджэце і фінансах, або ў камісіі па эканамічным развіцці. Яна заявіла таксама, што ўжо вызначылася са сваім памочнікам дэпутата, які будзе працаваць на Кастрычніцкай выбарчай акрузе Менску.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск