Ганна Красуліна: Беларусь мусіць удзельнічаць у перамовах, датычных вайны ва Украіне
Дасягненні антываеннага руху ў нашым эфіры абмяркоўваем з прэс-сакратаркай Святланы Ціханоўскай – Ганнай Красулінай.
-Мы ведаем, што зараз на Кіеў не прайшоў наступ – гэта ў тым ліку і заслуга нашага антывеннага руху, таму што пачалася рэйкавая вайна, якая насамрэч мае сур’ёзныя вынікі. Нават МУС дало справаздачу, што больш за 80 партызанскіх акцый прайшло на чыгунцы. У прыватнасці гэта з’явілася прычынай таго, што зараз расейскія войскі адведзены на паўночным фронце цалкам, вызвалена частка Украіны да беларускай мяжы, і гэтыя войскі перадыслакуюцца зараз на Краматорск. То бок, з нашага боку расейскія войскі не знаходзяцца на тэрыторыі Украіны.
Але ёсць страты ў гэтай вайне. У нас ёсць розная інфармацыя пра тое, што людзі прапалі, пазней з’явілася інфармацыя, што людзей схапілі, я кажу пра трох бабруйскіх партызан, хлопцаў 27 – 28 гадоў. Улады прадэманстратавалі нам страшылку, што ўсіх людзей схапілі, што ім стралялі па каленных суставах, робячы іх калекамі на ўсё жыццё. Гэта рэальна жудаснае ваеннае злачынства. Мы разумеем, што гэта акт застрашэння, і вінаватыя будуць несці за гэта адказнасць. І разлік на тое, што яны змогуць неяк ад гэтай адказнасці сысці, абсалютна памылковы. І мы гэта бачым ужо па тым, як вядзе сябе Лукашэнка. Мы бачым, як ён пачаў падаваць сігналы Захаду, што ён хоча дамаўляцца. Ён выйшаў з інфармацыйнага наратыву Расеі пра спецаперацыю, ён назваў вайну вайной. І ён даў зразумець і сам, і праз Макея, што ён просіцца на перамовы. І ён гатовы дамаўляцца. Мы бачым, што ён ужо адчуў, у які бок падуў вецер.
РР: Лукашэнка заяўляе, што Беларусь мае ўдзельнічаць у перамовах на адным з бакоў. На якім з бакоў, як вам здаецца?
Ганна Красуліна: Беларусь дакладна мусіць удзельнічаць у перамовах, датычных гэтай вайны. Бо зараз на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца войскі іншай краіны, і частка незалежнасці Беларусі страчана. Пра незалежнасць Беларусі Беларусь і беларускі народ, зразумела, мусяць весці перамовы. Але прадстаўляць іх павінен прадстаўнік беларускага гарода. І гэта не Лукашэнка. Лукашэнка не з’яляецца прадстаўніком беларускага народа. Таму Беларусь будзе ўдзельнічаць у такіх перамовах, і будзе яна ўдзельнічаць, зразумела, на баку Украіны, разам з якой яна змагаецца за сваю незалежнасць і за незалежнасць Украіны ад расейскай акупацыі.
РР: Калі мы гаворым пра тое, што Беларусь акупаваная, можа мы сеем паніку?
Ганна Красуліна: Я б гаварыла пра частковую акупацыю. Я б гаварыла, што Лукашэнка з’яўляецца прадстаўніком акупацыйнай адміністрацыі, ён абсалютна нелегітымны, улада ў Беларусі захоплена хунтай. Хунта не адчувае народ сваім, і не з’яўляецца беларускай уладай. Але беларускі народ змагаецца, ён не страціў кантроль над сабой, над сваімі арганізацыямі, над партызанскімі групамі. Таму знешняя акупацыя ёсць, яна частковая. І я ўпэўнена, што мы адновім незалежнасць сваёй краіны. І тут трэба раздзяляць, што ёсць Лукашэнка – суагрэсар і марыянетка Пуціна. І ёсць беларускі народ, які мае выразнае ўяўленне пра тое, што ён хоча і пра сваю будучыню. І ў гэтай будучыні месца Лукашэнкі – ў Гаазе.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя