Ганна Красуліна: Навагодні зварот Святланы Ціханоўскай паказаў, што ёсць адзінства дэмакратычных сілаў



Сёння Госць Рацыі – прэсавая сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Фота lrt.lt.

З Ганнай Красулінай пра навагодні зварот Святланы Ціханоўскай і пра бліжэйшыя планы дэмакратычнага лідара Беларусі паразмаўляў карэспандэнт Радыё Рацыя Стась Дадэрка.

РР: Мы з нашымі слухачамі сёння яшчэ раз паслухалі навагодні зварот Святланы Ціханоўскай і дэмакратычных сілаў. Хочацца дазнацца пра нейкія дэталі, як гэта ўсё рабілася. Як з’явілася канцэпцыя гэтага звароту? Ці быў тут калектыўны аўтар?

Ганна Красуліна: Канешне, тут быў калектыўны аўтар. Абмяркоўвалася, што мы хочам сказаць і як сказаць, каб гэта было сумленна, і ў той самы час праўдзіва адлюстроўвала, што адбываецца, і натхняла нас працаваць на нашую адзіную мэту. І нам, па-мойму, удалося данесці тое, што мы хацелі сказаць усім беларусам і нават усяму свету.

РР: У якой атмасферы гэта ўсё адбывалася? Я чуў, што гэта нейкі віленскі парк, і што ўсё было на адкрытай прасторы, і даволі прахалодна было ў той час.

Ганна Красуліна: Так, гэта быў адзін з самых халодных дзён. А ўлічваючы, што гэта быў вечар, то было мінус 16-20. Вельмі халодна. Мы ўвесь час былі на адкрытай пляцоўцы. Побач быў павільёнчык, дзе кожны чакаў, калі здымалі яго фрагмент звароту. І ў выніку ўсё склалася ў цудоўную, сяброўскую атмасферу, была гітара, спявалі беларускія песні, прычым спявалі ўсе.

РР: Гэта засталося за кадрам?

Ганна Красуліна: Гэта засталося за кадрам, але ўсе гэтыя здымкі ў нас ёсць, усё гэта мы будзем выкладаць. Гэтым зваротам мы хацелі таксама паказаць, што салідарнасць ёсць, што адзінства ёсць. І ўсе працуюць на адзіную мэту.

Цалкам размова:

Гутарыў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя