Ганна Красуліна: „Падушка бяспекі” Лукашэнкі ўжо з’едзена



Выпрацаваць, якімі будуць пляцоўка, фармат і бакі перамоў. У офісе Святланы Ціханоўскай працуюць над другім этапам падрыхтоўкі да перамоваў з афіцыйнымі беларускімі ўладамі, пра які экс-кандыдат абвясціла напярэдадні. Перад штабам стаіць задача – прымусіць улады да перамоваў. Як гэта зрабіць? Здаецца пытанне без адказу, але гэта зняпраўджвае прэсавая сакратарка Святланы Ціханоўскай – Ганна Красуліна.

Яна кажа, што прымусіць да перамоваў Аляксандра Лукашэнку можа яго няздольнасць кіраваць дзяржавай і карміць сілавікоў, на якіх ён трымаецца.

– Эксперты ў эканоміцы ўжо заяўляюць, што рэсурсы вычарпаныя, што „падушка бяспекі” Лукашэнкі ўжо з’едзена, плаціць яму сваім наймітам няма чым, найміты атрымалі партрэты замест прэмій. Таму гэта ўсё гаворыць пра тое, што грошай у яго больш няма. Калі вы сваіх “цапных псоў” перастанеце карміць, яны ж зжаруць гаспадара. Гэта заканамернасць. Тут няма нічога новага. Няхай яшчэ паўпарцяцца тыдзень і тады пабачым.

Першы этап падрыхтоўкі стартаваў 18 сакавіка, калі абвясцілі галасаванне на платформе „Голас” за арганізацыю перамоў з прадстаўнікамі ўлады пры міжнародным пасрэдніцтве. Амаль за два тыдні больш за 760 тысяч беларусаў выступілі за прапанову Ціханоўскай. Ініцыятыву падтрымалі таксама ў ЗША, Германіі, Нарвегіі, Літве, Славеніі, Фінляндыі, Швецыі і Аўстрыі. Парламенцкая асамблея АБСЕ, ЗША і ЕЗ выказалі гатоўнасць дапамагаць у арганізацыі дыялогу.

Беларускае Радыё Рацыя