Ганна Красуліна: Польшча – у ліку галоўных нашых саюзнікаў



Размова з прэс-сакратаркай лідаркі дэмакратычнай Беларусі Святланы Ціханоўскай — Ганнай Красулінай.

РР: Нагода для нашай гутаркі — чарговы афіцыйны візіт Святланы Ціханоўскай у Варшаву. Ён пачнецца ўжо ў гэты панядзелак. Запланаваныя, я бачу ў анонсе, сустрэчы з прэзідэнтам Анджэем Дудам і з прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім. Што плануецца абмяркоўваць на гэтых сустрэчах, якія тэмы стануць галоўнымі?

Ганна Красуліна: Як звычайна, галоўнае, што мы хочам данесці да нашых міжнародных партнёраў, – па-першае, падзяку Польшчы за яе паслядоўную пастаянную падтрымку Беларусі, на палітычным узроўні і ў дачыненні да нашых бежанцаў, якія аказаліся ў Польшчы. І далей абмяркоўваць канкрэтныя пытанні, канкрэтныя сустрэчы, канкрэтныя магчымасці. Палітычная падтрымка мае на ўвазе, што ва ўсіх міжнародных арганізацыях пры дыскусіях па Беларусі Польшча заўсёды падтрымлівае наш бок, яна вельмі добры для нас саюзнік, як і Літва.

Што датычыць дапамогі беларусам, якія зараз знаходзяцца ў Польшчы, то бываюць, канешне, канкрэтныя выпадкі, якія патрабуюць свайго рашэння, бываюць і сістэмныя пытанні, якія мы вырашаем, напрыклад, адносна пэўных правілаў легалізацыі. І гэта ўсё мы будзем абмяркоўваць.

Канешне, мы выбудоўваем гэтую сістэму адносінаў і на будучыню, калі нам вельмі будзе патрэбная падтрымка нашых заходніх партнёраў, каб дапамагчы нам у аднаўленні эканомікі, якая зараз разбураецца ў Беларусі. І як вы помніце, план Маршала — гэта вялікая праграма падтрымкі, якая разлічана на пераходны перыяд, яна была прапанаваная менавіта нашымі польскімі партнёрамі. І зараз яна ўсім светам падтрымліваецца і напаўняецца, як інтэлектуальнымі распрацоўкамі, так і фінансава. Таму выбудоўваем адносіны з нашымі саюзнікамі.

РР: То бок, у сувязі з падзеямі ва Украіне гэтая тэма, план Маршала, не адкладзеная ў нейкую даўгую шуфляду?

Ганна Красуліна: Тое, што адбываецца ва Украіне, у большай ступені набліжае той момант, калі мы гэтымі рэформамі зможам заняцца. Іншая справа, што сама па сабе вайна ва Украіне — гэта, канешне, цяжкое выпрабаванне. Але цяпер нам крыху прасцей размаўляць. Мы заўсёды казалі, што Лукашэнка хлусіць, што Лукашэнка не кантралюе сітуацыю, што ён з’яўляецца марыянеткай Пуціна, што з ім няма сэнсу размаўляць. І цяпер усім відавочна, што так яно і ёсць. І Лукашэнка сапраўды не з’яўляецца тым суб’ектам, з якім трэба мець справу.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя