Ганна Красуліна: Рэжым даходзіць да маразматычных дзеянняў у сваёй агоніі



Ціханоўская сапраўды – «бомба» і гэта нават прызнае рэжым Беларусі. Так у нашым эфіры чарговыя абвінавачанні ў адрас Святланы Ціханоўскай пракаментавала яе прэс-сакратарка – Ганна Красуліна.

Генпракуратура заявіла, што Святлана Ціханоўская разам з ініцыятывай «ByPol» рыхтавала тэракт – выбухі і падпалы ў сталіцы ды іншых гарадах. На палітыка і ініцыятыву «ByPol» заведзеная чарговая крымінальная справа ў Беларусі – паводле арт. 289 КК («Падрыхтоўка тэракту»). Якія першыя рэакцыі на чарговыя факты крымінальнага пераследу экс-кандыдата на прэзідэнцкую пасаду – расказала Ганна Красуліна:

– Генпракуратура нарэшце прызнала, што Ціханоўская сапраўдная “бомба”. А калі гаварыць сур’ёзна, то размова ідзе на ўзроўні: ты дурань – сам дурань. Прыкладна так нам адказалі. 24 сакавіка ByPol заявіў на падставе тых дадзеных, якія ёсць, а гэта дадзеныя вельмі сур’ёзных выведак, пра тое, што планаваўся тэракт у адным з РАУСаў. І сітуацыя склалася вельмі складаная для рэжыму, бо праводзіць тэракт у гэтых умовах зусім тупа нават для іх.  Але зараз яны, разумеючы, што доказы падрыхтоўкі тэракту ў ByPol ёсць, бо ByPol заявіў гэта ўсё не проста так, яны ў гэтай сітуацыі не знайшлі нічога лепшага, чым першымі закрычаць: тэрарысты! Для таго, каб знізіць той удар, які б быў, калі б ByPol апублікаваў доказы.

РР: Сапраўды, мы размаўлялі з экспертамі, якія казалі пра тое, што ровень недаверу да ўладаў Беларусі зараз настолькі моцны, што яны не пойдуць на гэта, бо адразу стане зразумелым, што менавіта ўлады стаяць за гэтымі тэрактамі.

Ганна Красуліна: З 2011 года гэта ўсе разумеюць. Дарэчы, 11 красавіка спаўняецца 10 год, як рэжым пакараў смерцю двух невінаватых ахвяр за свае грахі. Я ўжо маўчу, колькі людзей загінула ў тым тэракце і як гэта ўсё было абстаўлена. Але народ Беларусі не паверыў ім нават тады. А зараз яны хапаюцца за апошнюю саломінку. Тэракт – гэта апошняе, што ёсць у іх арсенале запалохвання. Больш у іх нічога няма. Яны спадзяюцца, што, магчыма, гэта некага напалохае. Мала таго, што яны набліжаюць свой канец, то ён будзе настолькі бясслаўны, бо столькі ахвяраў на сябе яны вешаюць. Гэта вельмі сур’ёзна і за ўсё гэта ім прыйдзецца адказваць. Улічваючы, што падзенне рэжыму непазбежнае, ім трэба спакойна перадаваць уладу, садзіцца за стол перамоваў, агаворваць нейкія магчымыя змякчэнні пакарання за іх дзеянні.

РР: У пракуратуры, у афіцыйных уладаў ёсць такі магутны інструмент – пачата чарговая крымінальная справа супраць Святланы Ціханоўскай. Але ў яе толькі, напэўна, міжнародная падтрымка і тое, што яна можа данесці інфармацыю да беларусаў, што гэта нейкія маніпулятыўныя дзеянні. Бо ў спадарыні Святланы няма іншых механізмаў, каб абараніцца ад пракуратуры.

Ганна Красуліна: За Святланай стаіць і беларускі народ, і за Святланай праўда і будучыня. І якраз пазіцыю Святланы немагчыма пахіснуць. Тым больш, калі ёсць падтрымка ўсяго цывілізаванага свету. Рэжым даходзіць да цалкам маразматычных дзеянняў у сваёй агоніі. І мы разумеем, што там ніхто не ў стане стварыць нармальную стратэгію супрацьстаяння. У гэтай сітуацыі ім проста трэба скласці зброю і прызнаць паразу. Бо нарошчванне колькасці ахвяр пагаршае сітуацыю ў краіне, але ж гэта і на іх кладзецца. Яны адкажуць за кожнае злачынства. Любая новая ахвяра кладзецца цяжкім грузам на іх плечы і ў іх крымінальныя справы.

РР: Сёння Святлана Ціханоўская абвясціла пра другі этап падрыхтоўкі да перамоваў. Дзве задачы ставяцца – гэта прымус уладаў да перамоў і вызначэнне з пляцоўкай, фарматам і бакамі перамоў. Але ўлады паказваюць, што не хочуць перамоў. А як іх прымусіць? Гэтае пытанне застаецца без адказу?

Ганна Красуліна: Не, чаму ж без адказу. Спецыялісты і эканамічныя эксперты заяўляюць, што рэсурсы вычарпаныя, падушка бяспекі лукашэнкаўская праедзена. Плаціць яму сваім наймітам няма чым. Найміты атрымалі партрэты замест прэмій да свята. Таму гэта ўсё гаворыць пра тое, што грошай у яго больш няма. А калі вы сваіх ланцужных сабакаў перастаеце карміць, яны ж зжаруць свайго гаспадара. У рэжыма няма нічога. Увогуле, утрымліваць уладу нелегітымным чынам – гэта вельмі дорага каштуе. І калі ўлічыць, што для Лукашэнкі няма жыцця пасля ўлады, то для іншых – ёсць. І ім прыйдзецца ў новай Беларусі неяк жыць. І ўсё гэта трэба ўлічваць.

Генеральная пракуратура Беларусі 29 сакавіка завяла крымінальную справу ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай за падрыхтоўку акту тэрарызму. Пасля таго, як 26 сакавіка Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі заявіла, што сілавікі прадухілі тэракты, а нібыта сляды планаваных нападаў вядуць да ініцыятывы «ByPol», а таксама да Святланы Ціханоўскай. Гэтую ж версію на адным з пасяджэнняў з чыноўнікамі агучыў і Аляксандр Лукашэнка.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: dw.com