Ганна Красуліна: Свята будзе
Ганна Красуліна, прадстаўніца штаба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, распавяла пра тое, як улады ўстаўляюць ім палкі ў колы.
Нагадаем, што на 6 жніўня ў менскім парку Дружбы народаў быў анансаваны вялікі мітынг-канцэрт у падтрымку Святланы Ціханоўскай, які павінен быў пачацца ў 17.00.
Але зараз Міністэрства абароны раптам “прачнулася” і анансавала, што 6 жніўня з 17.00 да 21.00 у парку Дружбы народаў пройдуць святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня чыгуначных войскаў.
Ганна Красуліна: Ніякага адказу з Менгарвыканкама мы не атрымлівалі, таму і мітынг-канцэрт у Парку Дружбы народаў не адмяняем.
Але тое, што ў нас раптам вырашылі забраць пляцоўку, вялікай нечаканасцю не было, бо разумеем, у якой краіне жывем. Улады, відаць, не чакалі такой падтрымкі людзьмі Святланы Ціханоўскай, бачаць, што людзі ад улады адвярнуліся, а таму карыстаюцца самымі агіднымі метадамі. Нават колы прабіваюць у машыне, а гэта значыць, што дасягнулі ў сваіх учынках дна. Дзякуй Богу, што людзі адразу прыходзяць на дапамогу, таму такія дробныя паскудствы перашкодай нам быць не могуць.
РР: Зараз у рэгіёнах наогул немагчыма правесці афіцыйна дазволены мітынг, бо робіцца ўсё, каб месца было занята.
Ганна Красуліна: Так, яны баяцца нават нашых дазволеных мерапрыемстваў. Зараз і так абмежавалі месцы, дзе дазволена агітацыя, але пайшлі далей – па сутнасці забараняюць і там агітаваць. Месцы заняты тымі, хто агітуе за галоўнага кандыдата. Такія вось роўныя ўмовы для ўсіх. Гэта поўнае парушэнне ўсіх правіл. Да Паўночнай Карэі засталося зусім няшмат.
РР: Калі мітынг штаб Ціханоўскай не адмяняе, а ў гэты час там будзе праходзяць мерапрыемства Міністэрства абароны з нагоды Дня чыгуначных войскаў, то як гэта будзе сумяшчацца?
Ганна Красуліна: Вось і мы адсвяткуем Дзень чыгуначніка. Свята будзе…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя