Ганна Красуліна: Святлана Ціханоўская ў стане сябе абараніць
Святлана Ціханоўская ў стане сябе абараніць. Гучыць заява з яе штаба адносна чарговых абвінавачваў у адрас экс-кандыдата ў прэзідэнты. Следчае ўпраўленне Камітэту дзяржбяспекі расследуе крымінальную справу, пачатую Генеральнай пракуратурай супраць удзельнікаў ініцыятывы BYPOL паводле факту арганізацыі 25 сакавіка «актаў тэрарызму» у Менску і Барысаве. Разам з тым, паводле КДБ, да супрацьпраўнай дзейнасці таксама датычныя палітыкі Святлана Ціханоўская, Павел Латушка і іншыя – усяго 17 чалавек. У рэжыма нават няма людзей, якія ў стане ствараць нармальныя стратэгіі супрацьстаяння. Гэта прыводзіць да яго краху.
Так востра на пытанне пра сродкі абароны Святланы Ціханоўскай адрэагавала яе прэсавы сакратар Ганна Красуліна.
– За Святланай стаіць і беларускі народ. За Святланай стаіць праўда. Як раз пазіцыю Святланы немагчыма змяніць. А тым больш калі ёсць падтрымка ўсяго цывілізаванага свету. У гэтай сітуацыі я б не баялася за Святлану. Ніхто тут не хвалюецца з гэтай нагоды. А вось тое, што адбываецца ў краіне і што рэжым даходзіць да такіх маразматычных дзеянняў у сваёй агоніі, у гэтай сітуацыі ім проста трэба скласці зброю і прызнаць паразу.
Паведамляецца, што фігуранты чарговай крымінальнай справы – абвешчаныя ў міжнародны вышук. Падрыхтаваныя дакументы аб экстрадыцыі Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі з Літвы і Польшчы адпаведна. Усе фігуранты справы ўнесеныя ў пералік арганізацый і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Раней ініцыятыва BYPOL папярэдзіла пра падрыхтаваную правакацыю з боку КДБ у Дзень Волі 25 сакавіка. Аднак замест гэтага менавіта апальных сілавікоў абвінавацілі ў спробе тэракту.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя