Ганна Красуліна: Трэба быць кансалідаванымі, моцнымі, пазітыўнымі



Прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна – Госця Радыё Рацыя. Пра акцыю ў памяць Рамана Бандарэнкі, працу офіса і падпісанне пагаднення пра неразгалошванне, стасункі з Украінай з  ёй размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Адбываюцца акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Я ведаю, што вы былі ў Вільні, а Святлана Ціханоўская з гэтай нагоды піша: памятаем, вядома, памятаем кожную ахвяру і будзем дамагацца расследавання гэтых спраў. Пракаментуйце, калі ласка, найперш гэта апошняе выказванне ў памяць пра Рамана Бандарэнку.

Ганна Красуліна: Канешне, я прымала ўчора ўдзел у пікеце, які быў зроблены каля беларускай амбасады тут, у Вільні. І там было шмат беларусаў, якія абураныя тым, што два гады таму здарылася з Раманам, але яны таксама і натхнёныя тым, як ён дзеля свабоды Беларусі не пашкадаваў асабістага жыцця нават, ён выйшаў. Учора было шмат вось гэтых возгласаў такіх, што “Я выходжу! Я выходжу!

І так, людзі гатовыя, людзі разумеюць, але нам зараз, можа, крыху цяжэй, асабліва бачым, што наш шлях не такі кароткі, як мы жадалі, як мы бачылі яго дагэтуль, але мы разумеем, што ўсе, хто ў Беларусі, асабліва тыя, хто за кратамі, яны хочуць ведаць, што недарма там сядзяць. І вось гэта галоўнае. Нам трэба рабіць як мага больш, каб хутчэй яны былі вызваленыя з-за кратаў і хутчэй была вызваленая Беларусь. Вось гэта галоўная мэта, і яна была чырвонай стужкай праз увесь учорашні пікет. І гэта нагадвае кожнаму з нас яшчэ раз, што нам трэба быць кансалідаванымі, трэба быць моцнымі, трэба быць пазітыўнымі, каб рабіць тую працу, якая нас прывядзе да перамогі.

РР: Офіс Ціханоўскай падпісвае пагадненні пра неразгалошванні, цэлая палітычная дыскусія ўзнікла ў беларускім дэмакратычным грамадстве. Скажыце, ці падпісалі вы такое пагадненне і навошта гэта робіцца?

Ганна Красуліна: Так, я такое пагадненне падпісала, гэта было ў пачатку 2021 года. І гэта дамова зроблена, каб абараняць тых, хто ў Беларусі. Таму што былі там выпадкі, вы памятаеце, калі ў прапагандысцкіх тэлепраграмах мы бачылі злівы тых размоваў, якія былі паміж офісам і актывістамі, якія знаходзіліся ў Беларусі, пратэставыя двары таксама. І мы бачылі, што з гэтага пачынаўся пераслед шмат каго, хто там знаходзіўся.  І таму было прынятае вось гэтае рашэнне, каб абараніць і каб знізіць вось тыя рызыкі, якія былі для актывістаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, а таксама для тых супрацоўнікаў нашага офісу, у нас ёсць не публічныя супрацоўнікі, у якіх засталіся родныя ў Беларусі і за каго яны таксама хвалююцца. Яны лічаць, што гэта небяспечна для іх, калі хтосьці будзе ведаць, што яны працуюць у офісе. Таму было вось гэта і вырашана.

Я скажу, што для мяне было гэта незвычайна, гэта было новае для мяне, але тут, у Літве, гэта такая практыка агульная, то бок нічога тут такога няма, калі трэба звесткі і нфармацыя, якая ёсць унутры той ці іншай кампаніі, якая павінна заставацца паміж толькі тымі, хто з ёй працуе.

І ў тых умовах, у якіх знаходзіцца офіс, мы ведаем, што шмат хто зацікаўлены, каб вось гэтую інфармацыю так ці інакш атрымаць. І пасля гэтага пагаднення стала зразумела, што вось калі вы, напрыклад, дзесьці ў бар зайшлі па піва, то не трэба з усімі абмяркоўваць, што робіцца ў офісе, таму што вы не ведаеце, хто сядзіць вось тут з вамі за столікам ці за суседнім.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя