Ганна Красуліна: Трэба не проста спыніць вайну, трэба пакараць агрэсара
З’явілася інфармацыя пра „значны прагрэс” у перамовах Расеі і Украіны па 15-ці пунктах „мірнага плана” з вывадам войскаў і спыненнем агню. Госць Радыё Рацыя – Ганна Красуліна – прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай.
РР: Як Вам бачыцца, ці можа завершыцца вайна ва Украіне, якая цягнецца ўжо 21 дзень?
Ганна Красуліна: Гэтае пытанне ўпіраецца вось у што, – калі ў Пуціна закончыліся сілы, калі ён не змог дамагчыся сваіх мэтаў, калі ён убачыў, што прайграе, зразумела, ён гатовы спыніць вайну. І я думаю, ён будзе настойваць, каб спыніць яе на тых рубяжах, на якіх зараз знаходзяцца войскі. Я вельмі сумняваюся, што гэта задаволіць украінскі бок. І вось тут паўстане пытанне, што Пуцін пачне крычаць – глядзіце, я заклікаю да міру, а ўкраінцы не хочуць. Нам трэба не проста спыніць вайну, нам трэба пакараць агрэсара. Як мінімум агрэсар мусіць выйсці за межы Украіны, прычым, пакінуўшы Данецкую і Луганскую вобласці і Крым Украіне, гэта як мінімум. Што значыць зараз спыніць вайну? Проста спыніць ваенныя дзеянні і пакінуць краіну? Ці пакараць агрэсара? І на некі час свет атрымае перадышку ад войнаў, якія дыктатары перыядычна пачынаюць. Вось у гэтым пытанне.
Пуцін зараз знаходзіцца ў пастцы. І выпускаць яго з гэтай пасткі не трэба. Зараз маральная перамога на баку Украіны, і вельмі блізка вайсковая перамога. Расея прайграла, у яе няма рэсурсаў, у яе няма ні адпаведнай інфраструктуры, ні лагістыкі. Не трэба спыняцца, як толькі закончыліся сілы ў ворага. Зараз Украіна мусіць дзейнічаць і ўвесь свет мусіць дзейнічаць разам з ёй.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя