Ганну Канапацкую не зарэгістравалі для ўдзелу ў праймерыз



Як паведамілі прадстаўнікі штабу адзінага кандыдата, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая не зацверджаная кандыдатам для ўдзелу ў праймерыз. Палітычны аналітык Юры Чавусаў такое рашэнне назваў цалкам лагічным:

– Шчыра кажучы, было б даволі дзіўна, калі б спадарыня Канапацкая была ўключана ў гэтую працэдуру пасля выказаных абвінавачванняў. Галоўнае – гэта пытанне даверу. На жаль, спадарыня Канапацкая сваімі выказваннямі напярэдадні рэгістрацыі фактычна перакрэсліла надзею на тое, што яе зарэгіструюць.

Далей зарэгістраваныя кандадаты будуць праводзіць сустрэчы ў рэгіёнах, дзе таксама запланаванае галасаванне. Сустрэчы ладзяцца па аўторках, пятніцах, суботах і нядзелях — плануюць наведаць 56 гарадоў. Таксама свой голас можна аддаць праз інтэрнэт.

* * * 

Штаб дэмакратычнай кааліцыі па абранні адзінага кандыдата для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах вызначыўся з прэтэндэнтамі, якія будуць удзельнічаць у праймерыз – працэдуры абрання “адзінага”. Гэта 5 чалавек, толькі былому дэпутату Палаты прадстаўнікоў Ганне Канапацкай, якая вылучылася праз збор подпісаў, адмоўлена ва ўдзеле ў праймерыз.

Па словах выконваючага абавязкі каардынатара штабу па абранні адзінага Аляксея Сігаева, праймерыз, ці народнае галасаванне, – гэта дамова аб супольнай дзейнасці падчас прэзідэнцкай кампаніі пяці палітычных суб’ектаў:

– У адпаведнасці з падпісаным пагадненнем і планам правядзення народнага галасавання, сёння мы павінны агучыць прозвішчы тых людзей, якія будуць уключаныя ў бюлетэні для галасавання ў рэгіёнах, на кангрэсе, у інтэрнэце. Такім чынам, зарэгістраванымі прэтэндэнтамі з’яўляюцца: Юрый Іванавіч Губарэвіч, Мікалай Георгіевіч Казлоў, Павел Канстанцінавіч Севярынец, Вольга Аляксандраўна Кавалькова, Аляксей Антонавіч Янукевіч. Пры галасаванні па кандыдатуры Ганны Анатольеўны Канапацкай не было дасягнута кансэнсусу для ўключэння яе ў спіс прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата.

Яе не пдтрымалі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Аляксей Сігаеў патлумачыў гэта тым, што некаторыя подпісы, падазеныя за яе вылучэнне, былі аформлены неадпаведным чынам. З пададзеных 224 подпісаў 41 не адпавядаў патрабаванням, якія прадугледжаны штабам па абранні “адзінага”. Фактычна аказалася немагчымым праверыць, ці вылучалі гэтыя людзі Ганну Канапацкую і ўвогуле, ці існуюць яны. Таксама Аляксей Сігаеў сказаў, што публічная дзейнасць і выказванні Канапацкай падчас першага этапу кампаніі не працавалі на ўзаемны давер і салідарнасць у дэмакратычнай кааліцыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Новы Час